Барысевіч прысуджаная да 6 месяцаў калоніі, Сарокін – да 2 гадоў з адтэрміноўкай
2 сакавіка ў 16.00 суд Маскоўскага раёна Менска абвясціў прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч і лекару БСМП Арцёму Сарокіну, паведамляе tut.by.
Іх абвінавачваюць у разгалашэнні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Якое пакаранне запытваў пракурор, невядома: працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Суд прызнаў вінаватымі лекара і журналістку. Кацярына Барысевіч прысуджаная да шасці месяцаў калоніі і штрафу 100 базавых велічынь.
Арцём Сарокін – да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу 50 базавых. Яго вызвалілі ў зале суда.
Фота: Тут.бай
Фота: Наша Ніва
Арцём сказаў журналістам, што не адчувае сябе вінаватым:
– Я, канешне ж, зараз хачу дадому, да дзяцей. Я не лічу сябе вінаватым. Не.
Журналістка і лекар былі затрыманыя 19 лістапада мінулага года. Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада на партале tut.by артыкул Барысевіч, пра тое, што ў крыві Рамана Бандарэнкі, які трагічна загінуў 12 лістапада, не было алкаголю, хоць Следчы камітэт і асабіста Лукашэнка заяўлялі пра адваротнае.
Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязнямі, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International – вязнямі сумлення.
Беларускае Радыё Рацыя