Кацярына Буніна: Мы працягваем працаваць



Мы можам гучна казаць і ісці ў міжнародныя арганізацыі і структуры, даносіць інфармацыю пра тое, што адбываецца з беларускай моладдзю, і вырашаць іх пытанне.

І гэта асноўная перавага дзейнасці структуры ў эміграцыі, – распавяла „Госця Рацыі” камунікацыйная сакратарка Беларускага нацыянальнага моладзевага савета „РАДА” Кацярына Буніна ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Чым цяпер займаецца „РАДА”? Дзе знаходзіцеся? Якія магчымасці маеце?

Зараз я і ўся наша каманда ў эміграцыі. Нехта з 2020 года, нехта трошкі пазней, але не знаходзімся ў Беларусі па прычыне нашай дзейнасці, таму што гэта небяспечна было рабіць там. У нас такая структура трошкі складаная магчыма для маладых людзей. У нас ёсць савет – гэта наш такі заканадаўчы орган. Гэта прадстаўнікі і прадстаўніцы моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Ёсць сакратарыят, я прадстаўніца гэтага органа, ну і выканаўчы. У нас прадстаўнікі савета і сакратарыята ўжо знаходзяцца не ў Беларусі. Зараз у склад „РАДА” уваходзіць 38 моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Частка з іх, амаль палова, знаходзіцца ў Беларусі. То бок у нас ёсць кантакт з людзьмі на месцы ў Беларусі.

Мы працягваем працаваць менавіта для іх, уся наша дзейнасць накіраваная на беларусаў, якія на жаль раскіданыя па ўсім свеце. Мы робім шмат адукацыйных праграм, гэта зараз важна. З аднаго боку, гэта падрыхтоўка людзей да зменаў, каб ужо валодаць тымі неабходнымі навыкамі. Таксама, як падтрымка, бо мы, у тым ліку, даем навыкі, якія патрэбныя тут і зараз. Напрыклад зараз у нас ідзе набор на базавую школу па правах чалавека і адвакацыі правоў моладзі. Гэта наш сумесны праект з беларускай праваабарончай школай. База па сваіх правах, яна патрэбная кожнаму і кожнай. Гэта будзе праходзіць у Варшаве. Таксама вельмі цікавы трэнерскі курс. Мы бачым вялікі запыт на гэтую тэму, мы навучым маладых людзей быць трэнерамі і трэнеркамі, складаць адукацыйныя праграмы. Гэта добрая магчымасць, каб перадаваць іншым свае веды. Таксама гэта добрая нагода для новай прафесіі. Мы можаце працаваць і гэтым зарабляць, таму тут шмат плюсаў.

РР: Ці змянілася ваша дзейнасць з-за эміграцыі?

Так, канешне змянілася. Мы баімся не разумець, што адбываецца там знутры. Змены яны такія, як унутраныя, у тым як мы працуем. Спачатку было шмат анлайну, бо частка каманды ў адной краіне, іншая частка ў іншай, таму такі сінхрон быў вельмі важны. Па-другое, мы зараз вялікую ўвагу надаем апытанням і даследаванням. Чым больш часу ідзе, тым страшней не разумець для каго мы працуем. Таму вывучаць гэта, запытвацца, адзін з вялікіх і важных накірункаў зараз.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Кацярына Буніна дадала, што, нягледзячы на эміграцыю, колькасны склад РАДЫ толькі павялічыўся. Што сведчыць пра больш спрыяльныя ўмовы дзейнасці такой структуры ў замежжы.

Беларускае Радыё Рацыя