Кацярына Хольцапфэль-Варажун: Уся Беларусь – гэта мой цэнтр, які дае мне моц



Мова як фундамент нацыі. Вырашаючы моўнае пытанне, мы павінны задумацца, у якой дзяржаве хочам жыць: беларускай ці расейскай. Так лічыць госця нашага эфіру, беларуска з Аўстрыі Кацярына Хольцапфэль-Варажун, якая актыўна прасоўвае ідэі пашырэння беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, пачынаючы з асабістай.

Для яе самой на шляху да беларушчыны кропкай адліку стаў 2017 год і разгон акцыі на Дзень Волі, а таксама выступ дуэту NaviBand на “Еўрабачанні”:

– Памятаю гэта вельмі яскрава: я сяджу ў машыне, мой муж і сын, і тут я проста разумею, што не магу больш размаўляць па-расейску. Гэта не мая мова, гэта не мае сэнсы. Я хачу даведацца, што такое беларуская культура, я хачу даведацца, што такое беларуская гісторыя, я хачу даведацца праўду, што з намі адбылося. Я проста больш не магла працягваць гэту палітыку русіфікацыі, пераўтварэння беларусаў у рускіх. Я проста сябе адчула ў цэнтры, не на перыферыі, дзе цэнтр – гэта Масква, я адчула, што ўся Беларусь – гэта мой цэнтр, які дае мне моц.

Нельга чакаць, што пасля падзення рэжыму беларускамоўнае асяроддзе само будзе пашырацца – лічыць наша суразмоўца. Кожны на сваім месцы і ў сваім жыцці ўжо цяпер можа пашыраць беларускую прастору:

– Ніводзін рэжым, ні лукашэнкаўскі, ні пуцінскі, ён не будзе спрыяць таму, што ў Беларусі будзе пашырацца беларуская мова і паўсюль ужывацца. Не. Гэтага можна дасягнуць толькі высілкамі саміх людзей. І калі мы замест усяго расейскага і рускага будзем выбіраць беларускае, то мы паціху будзем ствараць беларускае грамадства, беларускую прастору.

На думку Кацярыны Хольцапфэль-Варажун, вельмі важная роля належыць “асобам уплыву”, лідарам грамадскай думкі, якія могуць стаць прыкладам для іншых у моўным пытанні.

– Я зразумела, што ўсе страхі і стэрэатыпы, якія існуюць у Беларусі, у грамадзян Беларусі, яны звязаныя з тым, што ім ніхто і ніколі не тлумачыў, што ж такое дзяржаўны статус мовы, якая розніца паміж дзяржаўнай мовай і мовай зносін паміж людзьмі ў асабістай прасторы, як насамрэч выглядае шматмоўе ў іншых краінах, што беларусы ніколі не жылі пры рэальным дзвюхмоўі, што ў нашай сітуацыі любое шматмоўе будзе прыводзіць да заняпаду пашырэння беларускай мовы… І каб людзям гэта тлумачыць, канешне, гэтыя асобы ўплыву, якія маюць гэты ўплыў, якіх слухаюць людзі і паважаюць, за якімі ідуць, яны павінны тлумачыць людзям, што ж адбылося ў 1995 годзе, пасля гэтага незаконнага рэферэндуму, і што мы пасля гэтага мелі за 27 гадоў.

“Акрамя таго, любое дзвюхмоўе заўсёды падзяляе грамадства вельмі моцна” – лічыць Кацярына Хольцапфэль-Варажун.

Цалкам гутарку з нашай госцяй слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Facebook Кацярыны Хольцапфэль-Варажун