Кацярына Манкевіч: Было зразумела, што да нас падбіраюцца
„Госць Рацыі” — Кацярына Манкевіч, вакалістка гурта Dymna Lotwa. Гутарым з Кацярынай пра музыку і беларускую літаратуру, а таксама праз няпросты шлях гурта.
Апошнія два гады музыкам прыйшлося прайсці праз уцёкі з Беларусі, а потым — і праз уцёкі з акупаванага Ірпеня пасля пачатку вайны. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Як сталася, што вам прыйшлося з’ехаць з Беларусі? Як вы апынуліся ва Украіне?
Кацярына Манкевіч: Напрыканцы жніўня 2021 года прыйшлі з СК за маім хлопцам. Сабралі адну валізку і хуценька праз тры дні збеглі. Тады ўжо забаранілі канцэрты майму гурту. Было зразумела, што да нас падбіраюцца. Прыкладна за тры тыдні да гэтага прыйшлі да Irdorath. Мы таксама гралі на пратэстах, але не ішлі наперадзе калоны.
РР: Чаму Украіна? Чаму Ірпень?
Кацярына Манкевіч: Я вельмі люблю Украіну, шмат разоў была, ездзіла. Шмат выступала, там шмат сяброў і слухачоў. Да таго ў нас не было візаў. Маглі ва Украіне зрабіць, але не сталі. Вырашылі, што можа годзік пажывем у Ірпені.
РР: Дзе вас напаткала вайна? Што вы памятаеце пра гэтыя дні?
Кацярына Манкевіч: Я проста ўсё праспала. Потым на працы я стэлефанавалася з калегамі, проста працоўны мітынг, а ўсе былі такія здзіўленыя, што я з’явілася. Яны кажуць: „Мы думалі, што ты памерла”. Кажу: „А што такое?”. Кажуць: „Вайна пачалася”. Я не паверыла. Потым я адкрыла вакно, а там гарыць Гастомель.
Як зазначыла Кацярына, бліжэйшым часам можна чакаць канцэртаў Dymna Lotwa ў гарадах Польшчы. Музыкі запрашаюць сачыць за сацсеткамі гурта і прыходзіць на выступы.
Беларускае Радыё Рацыя