Кацярына Забеліна: Зробім горад прыгожым



Гараденская мастачка, кіраўніца «Арт-студыі» Кацярына Забеліна падрыхтавала да святкавання дня горада Гародні, які адзначаецца 14 верасня, невялічкі сюрпрыз.

Кажа Кацярына Забеліна:

– Я зрабіла серыю скетчаў, і мы іх надрукавалі на майкі сумесна з бібліятэкай. Будзе дэфіле, і гэтыя майкі будуць паказаныя жыхарам нашага горада. Мне зараз вельмі цікавая гэтая тэма, калі мы не толькі малюем, але можам і ўвасобіць у рэальныя аб’екты. Вось мы зараз з маймі вучнямі рыхтуем да новага года такі праект: зрабіць паштоўкі, як калісьці былі ў савецкія часы, у такой спецыяльнай упакоўцы, прысвечаны помнікам нашай Гародні.

Апроч малюнкаў Кацярына Забелінай на свяце горада яе працы сталі вокладкай аднаго з гарадзенскіх гарадскіх часопісаў.

– Мне было вельмі прыемна паўдзельнічаць у праекце. Мы абралі скетч для таго, каб аформіць абгортку часопіса «Гародня», юбілейнага вераснёўскага выпуску. Вельмі часта так бывае, што мае скетчы дзесьці ўбачаць у інтэрнэце і пасля запрашаюць паўдзельнічаць у нейкіх праектах. У красавіка гэтага года ў нас быў цудоўны праект разам з Ірынай Новік. Мы рабілі выставу ў галерэі «У цэнтры». У ёй удзельнічалі мае вучні і я. Мы надрукавалі нашы гарадзенскія скетчы, фарнага касцёла, іншых помнікаў архітэктуры, на майках і на кубках.

Кацярына Забеліна займаецца ў Гародні навучаннем дзетак і дарослых маляванню. Разам з вучнямі для атрымання досведу яна наведвае майстэрні знакамітых мастакоў.

Беларускае Радыё Рацыя