Катынскія спісы надалей застаюцца засакрэчанымі
Лёс палякаў, закатаваных савецкімі ўладамі на тэрыторыі Беларусі. Катынскія спісы надалей застаюцца засакрэчанымі, і Польшча не можа дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі прадастаўлення доступу да архіваў КДБ. Як адзначае гарадзенскі журналіст польскай “Газеты Выборчай” Анджэй Пачобут, адкрыццё гэтых архіваў сутыкаецца з адмоўным палітычным рашэннем беларускіх уладаў:
– Рэвалюцыйнымі зменамі было б, калі б Катынскія спісы ўлады ўрэшце перадалі. Бо гэта адзінае, што невядома ў катынскім злачынстве, менавіта што тычыцца рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі. І тут палітычнае рашэнне ўладаў – хаваць праўду, нягледзячы на тое, што Расея і Украіна ўжо даўно ўсё адкрылі. Але Аляксандр Рыгоравіч тут застаецца самым верным сталіністам, ён працягвае хаваць праўду, якая тычыцца катынскага злачынства.
Напярэдадні стала вядома, што ўлады РБ дазволілі Польшчы правесці раскопкі на тэрыторыі Беларусі, дзе, як мяркуецца, пахаваныя польскія вайскоўцы.
Гаворка ідзе пра жаўнераў, пахаваных у вёсцы Пагост, якія загінулі 17 верасня 1939 года. Аднак невядома, ці жаўнеры загінулі ў баі, ці былі расстраляныя. Падобныя працы на тэрыторыі Беларусі не праводзіліся больш за 10 гадоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя