Кавалькова: Цяперашні фармат „Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе
Цяперашні фармат „Чарнобыльскага шляху” — штогадовай акцыі, прымеркаванай да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — зжыў сябе, заявіла сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Вольга Кавалькова, выступаючы 26 красавіка ў Менску на дыскусіі, прысвечанай праблеме правядзення гэтай штогадовай акцыі.
Дыскусію арганізавала Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК), у якой удзельнічаюць Беларуская партыя „Зялёныя” і грамадскае аб’яднанне „Экадом”. Акрамя Кавальковай у мерапрыемстве ўдзельнічалі каардынатар БАЯК Таццяна Новікава, член савета „Экадом” Ірына Сухій, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, шэф-рэдактар сайта „Наша ніва” Андрэй Дынько, а таксама фатограф і блогер, адзін з арганізатараў маштабнай акцыі да 100-годдзя абвяшчэння БНР Антон Матолька. Сустрэчу мадэравала старшыня партыі „Зялёныя” Анастасія Дарафеева.
Абмеркаванне адбылося незадоўга да не санкцыянаванага ўладамі шэсця ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук да помніка ахвярам Чарнобыля каля храма іконы Божай Маці „Спагнанне загінулых” у сталічным парку Дружбы Народаў.
„Што тычыцца непасрэдна масавага мерапрыемства, якое праходзіла кожны год пры ўдзеле апазіцыйных палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, эколагаў, то сказаць, што фармат не зжыў сябе, напэўна, азначала б схлусіць самому сабе. Колькасць людзей, якія выходзілі [на акцыю], з кожным годам станавілася ўсё меншай”, — канстатавала палітык.
Зніжэнне колькасці ўдзельнікаў „Чарнобыльскага шляху”, на думку Кавальковай, можа быць звязана з тым, што арганізатары „не могуць прапанаваць нешта цікавае і новае”. „Калі прыходзіла на „Чарнобыльскі шлях” у апошнія гады, я гэта адчувала. У прынцыпе, заўсёды адбывалася адно і тое ж”, — сказала яна. Разам з тым сустаршыня аргкамітэта БХД падкрэсліла, што шэсце заўсёды было завяршальнай акцыяй у чарадзе „чарнобыльскага тыдня” — серыі розных мерапрыемстваў, якія тычацца тэматыкі чарнобыльскай катастрофы.
„Я, напэўна, за тое, каб мяняць фармат, — заявіла Кавалькова, — але нельга адмаўляцца ад масавых мерапрыемстваў, якія сталі часткай гісторыі. Напэўна, трэба было думаць трохі раней пра тое, які выбраць фармат, чым мы будзем напаўняць „Чарнобыльскі шлях” у гэтым годзе”.
Палітык нагадала, што арганізатары „Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе адклікалі ўжо ўзгодненую з уладамі заяўку на шэсце ў знак пратэсту супраць празмерна высокага кошту паслуг па ахове правапарадку падчас акцыі, якія Мінгарвыканкам запатрабаваў ад іх аплаціць.
„Я асабіста не згодна з пастановай [Савета міністраў], якая цяпер рэгулюе абсалютна любое мерапрыемства, паколькі яна адбірае ў нас права наогул выходзіць з любымі масавымі мерапрыемствамі.
„Чарнобыльскі шлях” і Дзень Волі былі лакмусавай паперкай, якая паказала, што без аплаты, без эканамічнага і адміністрацыйнага націску масавыя мерапрыемствы ў Беларусі надалей праводзіцца не будуць. З гэтым трэба нешта рабіць. Сёлетні „Чарнобыльскі шлях” — гэта выклік. Ці мы прамаўчым, і нічога не будзе далей, ці ўсё ж мы як грамадства, палітычныя партыі аб’яднаемся, выкажам сваю думку і зробім так, каб наша права было абаронена”, — сказала Кавалькова.
belapan.by