Кавалькову і Дылеўскага зноў будуць судзіць
Чальцоў прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага ізноў будуць судзіць, паведаміла прэс-служба рады.
Сяргей Дылеўскі і Вольга Кавалькова ў цэнтры
Сёння Кавалькова і Дылеўскі павінны былі выйсці на волю пасля дзесяцісуткавага арышту, які яны адбывалі ў ізалятары ў Жодзіне. «Замест таго, каб іх вызваліць з Жодзінскага СІЗА, дзе яны знаходзіліся, іх цяпер вязуць у суд Цэнтральнага раёна Менска. Па якім абвінавачванні, невядома. Звязацца з адвакатамі пакуль не ўдалося», – паведамілі ў прэс-службе.
Чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова была затрыманая раніцай 24 жніўня каля прахадной Менскага трактарнага завода, куды яна прыйшла падтрымаць рабочых разам з яшчэ адным чальцом прэзідыума КС, кіраўніком страйкаму МТЗ Сяргеем Дылеўскім.
Абодва былі затрыманыя міліцыяй за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. На Кавалькову быў таксама складзены пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі. Ноч да суда Кавалькова і Дылеўскі правялі ў сталічным цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 25 жніўня яны былі асуджаныя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by