Казка скончылася
Курс даляра і еўра расце, але ў людзей няма грошай, каб набываць шмат валюты.
Учарашні скачок даляра і еўра больш чым на тысячу рублёў (дэвальвацыя за дзень – амаль 5 адсоткаў) заставіў людзей толькі чарговы раз сумна ўздыхнуць. У абменніках народ, калі і скупляў валюту, то ў невялікай колькасці.
Сярэдні заробак у лістападзе 2015 года склаў 6.748.800 рублёў (каля 300 даляраў). У той жа час раней нашы дзяржаўныя “эканамічныя эксперты” прагназавалі давесці сярэдні заробак ў Менску да канца 2015 года – года прэзідэнцкіх выбараў – да ўзроўню, які эквівалентны 1000 далярам.
Незалежныя эксперты кажуць, што без крэдыта МВФ курс можа да канца года дасягнуць 30.000-40.000 рублёў за даляр.
Сімвалічна, што сёння побач з абменнікамі ў цэнтры сталіцы, дзе людзі бачаць неверагодныя лічбы, на Кастрычнікай плошчы разбіраюць навагоднюю елку. Як кажуць: казка скончылася…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара