Казюкі ў Гародні (абноўлена)



3-4 сакавіка 2019 года ў цэнтры Гародні на Савецкай плошчы адбываецца традыцыйны штогадовы кірмаш вырабаў народных промыслаў Казюкі.

На свята завіталі прадстаўнікі Палоніі з розных гарадоў Польшчы і Германіі. Роман-Зыгмунд Брадоўскі, прадстаўнік Палоніі з Берліна, адзначыў вялікую ролю гэтага свята:

Казюкі значаць для мяне вельмі шмат. Перадусім гэта свята, якое яшчэ 300 гадоў таму было рэлігійным святам, якое сцвярджае, што чалавек павінен дапамагаць чалавеку. Бо Казімір, які быў адным з чатырох сыноў караля Казіміра Ягелончыка IV, не быў каралём, а быў чалавекам, які аддаў сябе грамадскасці, людзям, будаваў касцёлы, школы, дамы для сірот. Акрамя гэтага, быў намеснікам караля Казіміра IV тут, на Гарадзеншчыне.

На думку Сяргея Верамеенкі, які прадстаўляе на Казюках краму нацыянальных вырабаў “Адметнасць”, Казюкі цікавыя не толькі гарадзенцам, але і турыстам з іншых гарадоў:

– На кірмашы Казюкі як крама ўдзельнічаем упершыню. Вельмі задаволены, шмат людзей, турысты ёсць. Холадна крыху, але нічога. Тое, што прадаём сваё, неяк сагравае. Тым больш бачыце, шапка такая добрая, шарсцяная, з Пагоняй – яна яшчэ больш грэе.

Некалькі сотняў майстроў завітала ў Гародню на свята Казюкі. Майстры з розных куткоў Беларусі ды Украіны прапануюць на гарадзенскай Савецкай плошчы розныя вырабы з дрэва, тканіны, саломкі ды металу.

Кажуць народныя майстры:

Прыехалі са Стоўбцаў. Уражанні самыя лепшыя. Шчыра кажучы, мы не чакалі тут столькі народу: тут і палякі, і літоўцы, і беларусы, і рускія. Мы прапаноўваем і цацкі, і пляценні з паперы, і кошыкі.

– Мы прывезлі драўляныя вырабы.

– Я прыехала на Казюкі з Ганцавіч. Пабачыла рэкламу ў інтэрнэце, і вельмі захацелася наведаць, бо былі пазітыўныя водгукі. Сюды мы прывезлі тканыя вышыванкі, вышытыя крыжыкам, а таксама ручнікі.

Свята Казюкі ў гонар Святога Казіміра будзе адбывацца ў Гародні цягам двух дзён, і апроч вырабаў майстроў будзе магчымасць паслухаць народныя калектывы з розных куткоў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня