КДБ: Мы адкрытыя да супрацы з любой спецслужбай свету



У Менску пачала працу Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам, у якой бяруць удзел 66 дэлегацый.

Як заявіў журналістам кіраўнік беларускага Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык, ягонае ведамства гатовае супрацоўнічаць і нават супрацоўнічае з любой спецслужбай свету без любых афіцыйных дамоў, калі справа датычыцца тэрарызму.

 

– У нас ёсць узаемадзеянні фактычна з любымі партнёрамі. Калі мы выяўляем пытанні, якія датычацца тэрарызму, не важна, мы маем зносіны з гэтай спецслужбай і гэтай краінай ці не, мы даём інфармацыю. Мы лічым, што гэта важна. Захаванне нават аднаго жыцця – варта гэтага. Таму, калі ў нас няма прамых зносінаў з нейкімі спецслужбамі, мы гэтую інфармацыю перадаём. Дапусцім, была сітуацыя з Бельгіяй, з ёй у нас няма адносінаў, але ў нас адносіны з Германіяй. Мы перадалі немцам і папрасілі, каб яны праінфармавалі сваіх калег.

Паводле Валерыя Вакульчыка, штогод КДБ Беларусі затрымлівае 15-17 чалавек, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці ці арганізацый, але гэта не грамадзяне нашай краіны, а людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі транзітам.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя