КДБ «не мае ніякіх звестак» пра тое, дзе Статкевіч



Трэці дзень сваякі і паплечнікі Міколы Статкевіча нічога ня ведаюць пра месца ягонага знаходжання. Марына Адамовіч, жонка палітыка, спрабавала высветліць гэта ў міліцыі і КДБ, але марна. 27 сакавіка яна збіраецца падаваць заяву аб знікненні чалавека.

Сёння прадстаўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Дзьмітры Пабяржын сказаў Свабодзе, што ведамства не мае ніякіх звестак пра тое, дзе цяпер можа быць Статкевіч.

Напярэдадні тэлеканал СТБ паказаў сюжэт, у якім супрацоўнікі КДБ атрымалі аператыўную інфармацыю аб правакацыі, якая нібыта рыхтавалася ў Менску падчас акцыі на Дзень Волі.

«Пад аператыўнае назіранне трапіў прыпаркаваны 23 сакавіка на стаянцы ў раёне Акадэміі навук легкавы аўтамабіль. Ужо ўстаноўлены чалавек, які прыгнаў машыну на гэтае месца. Гэта 32-гадовы жыхар Менску Сяргей Кунцэвіч», — перадае СТБ.

У аўтамабілі як быццам знойдзеныя «гукаўзмацняльная апаратура, правады, мікрафон і кардонныя скрынкі з дзясяткамі бутэлек, напоўненых вадкасцю з пахам гаручай сумесі і з кнотам з анучаў. Як высветлена, Кунцэвіч — прыхільнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу, ініцыятарам якога ёсьць Статкевіч».

Марына Адамовіч удакладніла, што Сяргей Кунцэвіч — сябра аргкамітэту БСДП НГ (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада»), але ніколі ня быў кіроўцам Статкевіча.

svaboda.org