КДБ перадаў зварот Астаповіча ў Генпракуратуру
Камітэт дзяржаўнай бяспекі правёў праверку па звароце старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры гісторыка Антона Астаповіча ў сувязі з будаўніцтвам бізнес-цэнтра ля Курапатаў і накіраваў матэрыялы ў Генеральную пракуратуру. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу КДБ Астаповічу.
Зварот у КДБ Астаповіч накіраваў 23 лютага. У ім паведамлялася, што ў 2013 годзе мясцовыя ўлады выставілі на аўкцыён зямельны ўчастак на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і МКАД, які ў той час знаходзіўся ў межах зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці „Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты”.
Астаповіч адзначаў, што на момант праходжання дзяржаўнай будаўнічай экспертызы праекта будаўніцтва бізнес-цэнтра на гэтым участку „гэты аб’ект не быў прадугледжаны горадабудаўнічай дакументацыяй, адсутнічаў праект дэталёвай планіроўкі на гэтую тэрыторыю”.
Паводле ацэнкі гісторыка, факты выдзялення зямлі ў межах ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, выдачы станоўчага заключэння дзяржбудэкспертызы і дазвольных дакументаў на будаўніцтва „маюць прыкметы ўмяшання дзяржаўнай службовай асобы з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў у дзейнасць іншых дзяржорганаў і арганізацый”, гэта значыць могуць быць расцэненыя як факты карупцыі.
Аўтар звароту таксама лічыць парушэннем антыкарупцыйнага заканадаўства той факт, што ў снежні 2014 года Мінкультуры вывела спрэчную тэрыторыю з межаў ахоўнай зоны Курапатаў.
Копію адказу КДБ за подпісам першага намесніка старшыні камітэта Ігара Сяргеенкі Астаповіч размясціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. Перадачу матэрыялаў праверкі і звароту гісторыка ў Генпракуратуру Сяргеенка аргументуе тым, што „пытанні кантролю і нагляду за выкарыстаннем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці адносяцца да кампетэнцыі іншых дзяржаўных органаў”.
У каментары БелаПАН Астаповіч выказаў меркаванне, што КДБ „знайшоў пэўныя парушэнні” ў акалічнасцях перадачы зямлі пад будаўніцтва бізнес-цэнтра. „Калі б не былі выяўленыя правапарушэнні, матэрыял для далейшай працы ў Генпракуратуру не перадавалі б”, — лічыць ён.
„Вядома, я не разлічваю, што там будуць нейкія буйныя парушэнні. Але сама з’ява, калі КДБ, Генпракуратура зафіксуюць нават самыя дробныя, працэдурныя парушэнні заканадаўства, — гэта вельмі добра. Такім чынам выбудоўваецца нармальная, а не брутальная сістэма, пры якой хто як хоча, так і круціць законамі”, — дадаў гісторык.
Генпракуратура сітуацыю не каментуе.
Падрыхтоўчыя работы па ўзвядзенні пяціпавярховага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Менскай кальцавой аўтадарогі ля Курапатаў пачаліся 16 лютага. Аб’ект планавалася здаць да канца лютага 2018 года. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, лічачы яго незаконным. Паводле іх інфармацыі, ўчастак пад бізнес-цэнтр быў прададзены на аўкцыёне тады, калі гэтая зямля яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Акрамя таго, узвядзенне аб’екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі.
20 лютага некалькі актывістаў маладзёжнай арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) устанавілі на тэрыторыі будоўлі палатку і арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. 27 лютага будаўніцтва было прыпыненае.
1 сакавіка канфліктная сітуацыя абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Менгарвыканкама Андрэя Шорца.
2 сакавіка кіраўніцтва кампаніі „Белрэканструкцыя” абвясціла пра сваё рашэнне спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра.
3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапатаў прайшоў мітынг, удзельнікі якога прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва блізу Курапатаў і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе. Праз два дні лагер быў зняты.