КДБ цікавіцца дзейнасцю „Беларускага дома ў Варшаве”



Планы старшыні „Беларускага дома ў Варшаве” Алеся Зарэмбюка зацікавілі гарадзенскія спецслужбы. Пра што яны і запыталі ў мастоўскага актывіста Алега Пронскага. Яго запрасіў невядомы супрацоўнік спецслужбаў, спачатку каб задаць пытанні ў справе аварыі, якая адбылася незадоўга да гэтага. Затым спецслужбовец перайшоў да пытанняў пра „Беларускі дом у Варшаве”.

Старшыня „Беларускага дома ў Варшаве” Алесь Зарэмбюк выказвае сваё меркаванне, чаму беларускія спецслужбы цікавяцца яго дзейнасцю:

Супрацоўніка КДБ цікавілі мае планы, ці дзялюся я імі з Алегам, як часта мы бачымся і навошта ён ездзіць у Польшчу з маім бацькам. Хутка будзе 5 гадоў, як мяне няма ў Беларусі. Я думаю, гэта звязана з маючымі адбыцца прэзідэнцкімі выбарамі. КДБ, такім чынам, хоча перастрахавацца, ведаць, ці планую я вяртацца на Гарадзеншчыну, ці планую нейкія дзеянні. Можа, яны прыснілі, што «Беларускі дом», які пераважна займаецца культурніцкай і грамадскай дзейнасцю, плануе нейкія рэвалюцыі ў Беларусі.

Патрэбных адказаў ад Алега Пронскага пра дзейнасць Алеся Зарэмбюка і „Беларускага дома ў Варшаве” супрацоўнік КДБ так і не дамогся. Як сцвярджае актывіст, супрацоўнік-спецслужбовец прыстрашыў „праблемамі на працы”, калі той адмовіцца супрацоўнічаць і будзе працягваць сваю актыўную дзейнасць у рэгіёне. Пронскі з’яўляецца сябрам альянсу „Грамадзянская Гарадзеншчына”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя