КДБ выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя
Камітэт дзяржбяспекі выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя, паведаміў кіраўнік ведамства Валерый Вакульчык вузкаму колу журналістаў.
За сістэматычнае атрыманне хабару затрыманыя службовыя асобы, у ліку якіх дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў (за вырашэнне пытанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі лекаў), дырэктар прадпрыемства „Белмедтэхніка” Аляксандр Шарак (за арганізацыю заключэння і выкананне дагавораў, забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыі закупак). „Дарэчы, пры вобыску ў яго гаражы ў тайніку выяўлена больш за 620 тыс. долараў у эквіваленце”, — сказаў Вакульчык, словы якога прыводзіць дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Сярод фігурантаў таксама начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Першы затрыманы за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання, які знаходзіцца ва ўстановах аховы здароўя Гродна, другі — за заключэнне дагавораў аб пастаўцы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння на адрас ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны, а таксама арганізацыю і кантроль аплаты пастаўленай медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння.
Акрамя таго, затрыманы шэраг службовых асобаў „Белмедтэхніка”, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі працы камісіі Міністэрства аховы здароўя па закупцы абсталявання і забеспячэнні своечасовай аплаты паставак. „За здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 (атрыманне хабару), 431 (даванне хабару) і 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) КК затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама прымененыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго — больш як 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам”, — адзначыў Вакульчык.
Разавыя незаконныя ўзнагароджанні даходзілі да 10 тыс. долараў, а асобным службовым асобам — да 350 тыс. Шэраг фігурантаў паспрабавалі схавацца, у тым ліку за мяжой, што паскорыла вырашэнне пытання аб іх затрыманні і арышце. Старшыня КДБ падкрэсліў, што гаворка ідзе пра чыноўнікаў, у функцыянальныя абавязкі якіх уваходзіла прыняцце рашэнняў аб закупцы медыцынскага абсталявання і лекаў, а не пра ўрачоў сістэмы аховы здароўя.
Кошт лекаў і абсталявання з-за карупцыі завышаўся на 10—60%, у асобных выпадках — на 100%, сказаў Вакульчык. Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка даў ураду даручэнне знізіць кошт лекаў. „Пры гэтым, што з-за зразумелых прычын засталося за кадрам, Камітэту дзяржаўнай бяспекі было даручана глыбока і ўсебакова разабрацца ў прычынах завышэння кошту лекаў і медыцынскага абсталявання. Гэтая праца камітэтам была праведзеная. У медыцынскай сферы выкрытыя сістэмныя карупцыйныя праявы”, — сказаў старшыня КДБ. Злачынныя схемы, выкарыстаныя пастаўшчыкамі медыцынскага абсталявання і лекаў, у тым ліку па ўхіленні ад выплаты падаткаў, прадугледжвалі вывад звышпрыбыткаў ў выглядзе незаконна атрыманых грашовых сродкаў на рахункі юрыдычных асоб у ПАР, Ганконгу (КНР), Літве, Латвіі, Расіі і іншых краінах. „З іх на хабары, без перабольшання, ішлі мільёны долараў ЗША. У выніку вобыскаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш за 15 млн долараў. Аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні працягваюцца”, — паведаміў кіраўнік КДБ.
„Фактычна механізм допуску лекаў і медабсталявання на рынак краіны быў настолькі забюракратызаваны, што хаджэнне па кабінетах медыцынскіх чыноўнікаў і валакіта займалі месяцы і нават больш, — адзначыў ён. — Як следства, медустановы не маглі своечасова атрымаць патрэбнае абсталяванне або запчасткі да яго. Такім чынам, устаноўлена, што фактычна існая сістэма закупак медыцынскіх абсталявання і лекаў стварала ўмовы для карупцыйных праяў. Напрыклад, перагарэла лямпа ў аперацыйнай. Рашэнне элементарнага пытання па замене доўжылася месяцамі, суправаджалася пасяджэннямі камісій і фактычна стала нормай, калі дарагое запатрабаванае абсталяванне прастойвала месяцамі і выключна па фармальных падставах”.
Закупкі ажыццяўляліся не ў вытворцаў, а ў шматлікіх пасрэднікаў, фінансавых кампаній. У КДБ падкрэсліваюць, што выкрытыя факты супрацьпраўнай дзейнасці ў сістэме аховы здароўя дазволяць ацаніць рэальны стан спраў па закупках лекаў і медыцынскага абсталявання, будуць спрыяць зніжэнню іх кошту і эфектыўнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, якія выдзяляе дзяржава на гэтыя патрэбы.
Фота БелТА