КДБ затрымаў Аляксандра Алесіна (абноўлена)
Беларускаяя асацыяцыя журналістаў разам з праваабарончым цэнтарм „Вясна” звярнуліся ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з заявай адносна затрымання КДБ журналіста Аляксандра Алесіна.
Па словах старшыні БАЖ Жанны Літвіной, у ёй выказваецца занепакаённасць адсутнасццю інфармацыі пра лёс ваеннага аналітыка штотыднёвіка „Беларуы і рынак” Аляксандра Алесіна, які пад вартай знаходзіцца ўжо 10 сутак:
– Інфармацыя аб затрыманні, змяшчэнні пад варту, сутнасць падазрэнняў і абвінавачанняў, працэсуальным статусе, месцы ўтрымання Алесіна мы абавязаны ведаць, абавязаны ведаць родныя і грамадскасць. Зараз нам застаецца толькі чакаць адказу на гэтыя, самыя элементарныя, пытанні. Пасля 10-ці дзён затрымання абавязаныя або прад’явіць абвінавачванне, або падоўжыць тэрмін. Я думаю, што літаральна сёння-заўтра нейкая новая інфармацыя з’явіцца.
Па словах Жанны Літвіной, Аляксандр Алесін з’яўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. „Мы ўсе ведаем яго як выдатнага журналіста-аналітыка. І цяжка ўявіць, што акрамя сваёй прафесійнай журналісцкай дзейнасці ён мог займацца яшчэ нечым… накшталт шпіянажу. Таму гэтую справу ўся журналісцкая супольнасць павінна трымаць пад пільнай увагай, адсочваць кожны яе крок і паварот. Каб, як толькі спатрэбіцца, дапамагчы, падтрымаць, праявіць салідарнасць” – кажа Жанна Літвіна.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Як паведамілі незалежныя беларускія медыя, супрацоўнікі КДБ затрымалі незалежнага журналіста і вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.
Паводле неафіцыйных звестак, яму інкрымінуецца перадача сакрэтнай інфармацыі, інакш кажучы – шпіянаж. Алесін нібыта быў арыштаваны дома і знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
Аднак праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што ў гэтай справе пакуль нічога канкрэтнага невядома, а абвінавачванні ў шпіянажы пакуль непацверджаныя:
– Вядома толькі, што ён затрыманы. І, магчыма, ужо тыдні два знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Больш ніякай інфармацыі ў нас няма датычна яго працэсуальнага статусу. Усе кажуць, што затрыманы ён нібыта за перадачу нейкай інфармацыі шпіёнам. Больш нічога пакуль не ведаем.
„Пакуль ніяк не каментую нічога ў гэтай сітуацыі. Адно магу сказаць, што Алесіна некалькі дзён не было на працы ў рэдакцыі”, – кажа галоўны рэдактар газеты „Беларусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі.
Аляксандр Алесін лічыцца выдатным вайсковым аналітыкам, і ягоныя меркаванні часта гучаць на старонках СМІ і ў час канферэнцыяў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота euroradio.fm