„Кепска – не ведаць роднай мовы, але яшчэ горш – не хацець яе ведаць”



Супольныя  паходы ў тэатр, арганізацыя дабрачынных экскурсій, адраджэнне  народных звычаяў,  беларускамоўныя  інтэлектуальныя гульні  і забавы на вольным паветры  – усё гэта незвычайныя фарматы працы віцебскіх курсаў “Мова Нанова”.

Такая разнастайнасць прываблівае  слухачоў і ніколькі не замінае вывучаць мову нават у самых неверагодных месцах, кажа нязменная вядучая курсаў у Віцебску Таццяна Дубоўская:

– Адносна нядаўна ў нас быў супольны паход у лазню! Справа ў тым, што мы не толькі адпачывалі. Некаторыя нашы студэнты – даўнія аматары лазні, і яны сталі ініцыятарамі. І мы сапраўды атрымалі задавальненне, цудоўныя эмоцыі, і ў хуткім часе вы ўбачыце гэта ў нашых новых відэароліках.

Відэаролікі будуць пра тое, які венік больш карысны для здароўя. Такі фармат наведнікі курсаў асвойваюць ужо даўно:  адным з першых быў відэаролік пра віцебскі прытулак для бяздомных жывёлаў. Бо даўно сталі  часткай гарадской сацыяльна-культурніцкай прасторы, і курсанты  аб’ядноўваюцца па інтарэсах, каб супольна далучацца да розных праектаў. Камусьці цікавы жывапіс, хтосьці марыць пра падарожжы, нехта прыгадвае дзяцінства і сваё навучанне ў вясковай беларускамоўнай школе, адны выпрабоўваюць свае здольнасці на майстар-класах, другія любяць спяваць ці таньчыць,  і ўсё разам – гэта “Мова Нанова”.

Таццяна Дубоўская заўжды рада кожнаму новаму наведніку:

– Сорамна, канешне, не ведаць роднай мовы. Але яшчэ больш сорамна не мець жадання вывучаць родную мову, культуру, гісторыю. Як пачаць размаўляць па-беларуску? Што зрабіць, каб у горадзе стала больш беларускамоўных людзей? Мяркую, пачынаць трэба з сябе.  Вельмі часта мне пішуць: “Таццяна, можна мне прыйсці на курсы? Я ўпершыню, можа, чагосьці не зразумею”… Канешне! Трэба адважыцца, пачаць, і ў вас усё атрымаецца!

Курсы “Мова Нанова – Віцебск” віншуюць усіх слухачоў Беларускага Радыё Рацыя з Міжнародным днём роднай мовы!

Цалкам гутарку з Таццянай Дубоўскай слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя