Хабар абярнуўся 8 гадамі пазбаўлення волі і канфіскацыяй маёмасці
Былы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі палкоўнік унутранай службы Дзмітрый Бягун за атрыманне хабару асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў. Ён таксама пазбаўлены спецыяльнага звання „палкоўнік унутранай службы”. Такое рашэнне вынес суд Заводскага раёна Менска.
Другому фігуранту крымінальнай справы — былому дырэктару акцыянернага таварыства «Грыфрэстаўрацыя» Аляксандру Грыцу — прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую калонію адкрытага тыпу.
Такім чынам, суд падтрымаў пракурора Вадзіма Кісялёва, які 9 лістапада запытваў менавіта такое пакаранне для абвінавачаных.
Па версіі следства, Бягун атрымаў ад прадпрымальніка больш за 100 мільёнаў недэменаваных рублёў, 4 тысячы дэнамінаваных і 5 тысяч даляраў за забеспячэнне бесперашкоднага атрымання дакументаў аб захаванні пажарнай бяспекі на аб’ектах, дзе працавала кампанія хабарадавальніка. У судзе Бягун прызнаў толькі адзін эпізод атрымання хабару — 5 тысяч даляраў, калі абодва фігуранты былі затрыманыя. Астатнія ён адмаўляў.
2 траўня Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні Бягуна ад пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях за «здзяйсненне правіны, што дыскрэдытуе званне працаўніка органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях».