Хакеры абвясцілі пра ўзлом АІС „Пашпарт”



Адна з беларускіх хакерскіх груповак абвясціла пра ўзлом аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт».

У пацвярджэнне былі апублікаваныя пашпартныя звесткі былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які ўцёк у Беларусь, старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, кіраўніка КДБ Івана Церцеля і іншых персон, піша REFORM.by.

Хакеры сцвярджаюць, што нібыта атрымалі доступ да персанальных звестак кіраўніцтва сілавых структур, людзей з блізкага атачэння Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ, агентуры і рэзідэнтуры ў ЕЗ. Частка інфармацыі будзе апублікаваная.

АІС «Пашпарт» — гэта інструмент аўтаматызацыі службовай дзейнасці падраздзяленняў пашпартна-візавай службы ўзроўню ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, а таксама падначаленых ім падраздзяленняў пашпартна-візавай службы тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Сістэма створана НПТАА «ТОДЕС» па замове МУС.

Афіцыйна МУС пакуль ніяк не пракаментавала распаўсюджаную інфармацыю.

Раней гэтая ж групоўка абвясціла пра ўзлом АІС «ДАІ-ЦЭНТР».

Нагадаем, 12 ліпеня прэс-служба МУС паведаміла аб праблемах з доступам да ведамасных інфармацыйных сэрвісаў. У ведамстве патлумачылі непаладкі анамальнай спякотай. Перабоі з доступам да ведамасных сэрвісаў, такіх як база даных ДАІ і іншых, пачаліся 8 ліпеня. Рэгістрацыйныя і рэгістрацыйна-экзаменацыйныя падраздзяленні ДАІ аднавілі працу толькі 16 ліпеня.