Ханука – юдэйскае свята адраджэння і дранікаў



Юдэі святкуюць Хануку – успамін пра ачышчэнне Храма ў Ерусаліме, якое закончыла нацыянальна-вызвольнае паўстанне габрэяў супраць грэцкіх уладароў і іх прыслужнікаў.

Свята адзначаецца 25 кіслева паводле юдэйскага календара. Сёлета яно супадае з Вігіліяй Божага Нараджэння ў каталікоў і пратэстантаў.

zavalnia_chanuka_vyjava1

Пра паходжанне Ханукі ў каментары для Радыё Рацыя распавядае Барыс Давід Балтэ:

Гісторыя гэтага свята ідзе з часоў, калі Зямля Ізраіля была акупавана грэкамі.Як вядома, спачатку вавілонскі цар Навухаданасор акупаваў Юдэйскае царства, зруйнаваў Ерусалім і адправіў габрэяў у выгнанне. Праз 70 гадоў выгнанне скончылася, юдэі змаглі вярнуцца і адбудаваць храм.

Пасля гэтага Вавілонскае царства было акупавана Аляксандрам Македонскім, а па яго смерці імперыя была падзелена і Зямля Ізраіля перайшла да Антыёха. Шмат хто заве гэту імперыю Сірыйскай, але насамрэч гэтая імперыя была грэцкай – там панавала грэцкая мова, культура і рэлігія. Цар Антыёх ІV пад страхам смерці прымушаў габрэяў адракацца і забывацца на сваю культуру, мову і веру ў адзінага Бога. Юдэйская грамада падзялілася, яе большая частка пагадзілася на хаўрус з грэкамі. Яны казалі: “мы ж адзін народ, маем адну культуру, падобныя мовы, таму мы будзем размаўляць па-грэцку, жыць у элінскай культуры”. На жаль, гэтыя словы могуць падавацца знаёмымі беларусам.

Але была невялікая частка тых, хто з гэтым не пагадзіўся. Тыя, для каго Зямля Ізраіля, габрэйская мова, і найважнейшае, вера ў адзінага Бога былі святымі каштоўнасцямі. Сярод іншых, такімі людзьмі былі Матація Макабэй і яго сыны. Матація Макабэй пачаў паўстанне не толькі супраць грэцкай улады, але і яе габрэйскіх прыслужнікаў.

Паўстанне пачалося з забойства кіраўніка горада, які будучы габрэем, прыняў элінскую культуру, на загад якога са Святыні былі вынесена юдэйская мэнора і іншыя атрыбуты, замест якіх эліністы ўнеслі туды ідала Зеўса.Пасля смерці Матаціі Макабэя паўстаннем кіраваў яго сын Юда.

Пасля перамогі паўстання Святыня была хутка адноўлена, але для cлужбы не ставала алею. Тады Юда Макабэй загадаў запаліць мэнору (падсвечнік). І нягледзячы на тое, што алей быў разлічаны на суткі, агонь не згасаў восем дзён – акурат столькі, колькі трэба было для прыгатавання новага якаснага алею.

З гэтай нагоды юдэі да сёння адзначаюць Свята Ханукі.

zavalnia_chanuka_vyjava2

Паводле адной версіі, Ханука можа мець непасрэднае дачыненне да ўзнікнення беларускай нацыянальнае стравы – дранікаў. Менавіта іх ашкеназскія юдэі пачалі гатаваць на сваё свята, працягвае Барыс Давід Балтэ:

З Ханукай звязаныя свае традыцыі. Габрэі робяць свае пончыкі, якія завуцца суфганія. Туды дадаюць шмат алею, а таксама джэм альбо шакалад. У ашкеназскай традыцыі на свята робяць латкес . Спачатку яго рабілі з цыбулі і сыру, а калі ў Еўропу прыйшла бульба , то латкес пачалі рабіць з яе. І ў першай палове ХІХ стагоддзя немцы падглядзелі гэту ежу ў габрэяў і самі сталі яе рабіць, а ў другой палове гэта страва трапіла ва Усходнюю Еўропу, і так з’явіліся беларускія дранікі. 

Пра саму гісторыю ўзнікнення юдэйскага Ханукі можна прачытаць у Старым Запавеце. Паўстанне габрэяў супраць грэкаў і вызваленне Ерусаліма апісваецца ў Кнігах Макабэяў.

machabeusze wojciech stattler fot muzeum narodowe w krakowie

“Макабэі.” Войцех Штатлер, 1830-1842

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя