„Хартыя-97” уручыла прэмію ў галіне абароны правоў чалавека
Сайт „Хартыя-97” уручыў Нацыянальную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека.
Сёлета лаўрэатамі сталі журналісты Уладзімір Дорахаў, Наталля Макушына і Кацярына Сотнік, якія ўзялі інтэрв’ю для Дойчэ Вэле з экс-байцом СОБР Юрыем Гараўскім. Таксама ўзнагародзілі знятую з выбараў кандыдатку ў дэпутаты Паліну Шарэнду-Панасюк, ды ініцыятыву „Беларуская нацыянальная памяць” – за арганізацыю ўдзелу беларусаў у пахаванні Каліноўскага і яшчэ 19 паўстанцаў у Вільні. Гаворыць галоўная рэдактарка „Хартыі-97” Наталля Радзіна:
– Мы ўзнагароджвалі людзей, якія змагаліся з фальсіфікацыямі выбараў у Беларусі, якія выходзілі на акцыю ў падтрымку свабоды, дэмакратыі і незалежнасці Беларусі, якія змагаліся з рэжымам Лукашэнкі, узнагародзілі журналістаў, якія праводзілі расследаванні знікненняў беларускіх апазіцыянераў. Узнагародзілі арганізацыю, якая ўшаноўвала гістарычную спадчыну, не давала беларусам забыцца на сваё гераічнае мінулае.
Яшчэ адной лаўрэаткай прэміі стала Ганна Толчыкава. Падчас апошняй выбарчай кампаніі, яна выкрыла фальсіфікацыі на ўчастку, дзе балатаваўся Генадзь Давыдзька, і выклала ў інтэрнэт чуллівае відэа з эмацыйнымі абурэннямі, якое хутка стала хітом:
– Эмоцыя чамусьці вось так лёгка распаўсюдзілася. У мяне ў сябрах на Фэйсбуку да таго часу не было нікога такога асабліва палітычнага. Я хачу знайсці гэтага чалавека, знайдзіся калі ласка. Хто ўвогуле пабачыў на маёй паўмёртвай старонцы, што я гэта выклала? Чамусьці так разышлося і натхніла вельмі.
Нацыянальная прэмія ў галіне абароны правоў чалавека была ўсталявана ў 1998 годзе. З 2013 года ўзнагарода мае імя Віктара Івашкевіча – дзеяча беларускага Адраджэння.
Беларускае Радыё Рацыя