«Хартыя’97» уручыла прэміі за абарону правоў чалавека
У Варшаве ўручылі Нацыянальныя прэміі за абарону правоў чалавека. Сёлета лаўрэатамі сталі чацвёра чалавек з розных сфер дзейнасці. Сярод іх – журналіст, добраахвотнік, эканаміст і музыка. Усіх гэтых людзей звязвае нязломнасць у прынцыпах і адданасць Бацькаўшчыне, гаворыць галоўны рэдактар “Хартыі-97” Наталля Радзіна:
– Узнагародзілі Ягора Марціновіча – журналіста «Нашай Нівы». На мінулых парламенцкіх выбарах Ягор выкрыў масавыя фальсіфікацыі на выбарчых участках. Леанід Злотнікаў узнагароджваецца, бо гэта вельмі прынцыповы эканаміст. У Беларусі нават эканамісты павінны мець прынцыпы, каб казаць праўду пра тое, што адбываецца ў беларускай эканоміцы. Вадзім Кабанчук – гэта беларускі добраахвотнік, які сёння ваюе ва Украіне. А Ігар Варашкевіч – гэта сапраўдная зорка беларускай музыкі, ён застаецца рыцарам беларускага адраджэння і прыкладам для людзей культуры.
На цырымоніі адзначэння прысутнічалі прадстаўнікі польскай эліты. У прыватнасці, Вадзіму Кабанчуку узнагароду ўручыў Збігнеў Буяк – адзін з заснавальнікаў легендарнай польскай “Салідарнасці”.
[Not a valid template]
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснавана «Хартыяй’97» у 1998 годзе. З 2013-га года прэмія носіць імя аднаго з лідараў беларускага адраджэння Віктара Івашкевіча.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара