Хатні гвалт перастае быць тэмай табу ў Беларусі?



Больш за 90% усіх зваротаў на агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту міжнароднага грамадскага аб’яднання „Гендарныя перспектывы” паступае ад жанчын. Яны церпяць гвалт ад мужчын. А вось некалькі адсоткаў мужчын, якія звяртаюцца па дапамогу, церпяць здзекі ў большасці таксама ад мужчын.

Паводле кіраўніка агульнанацыянальнай гарачай лініі Ганны Коршун, найбольшую колькасць тэлефанаванняў яны атрымалі на першых гадах працы. У год было каля 2,5 тысяч званкоў, цяпер гэтая лічба стабілізавалася да 1,5 тысячы ў год. Але, як зазначае Ганна Коршун, гэта не азначае, што праблема нейкім чынам скарацілася. Напачатку працы званкі ў асноўным былі інфармацыйна-даведачнага характару пра лінію, зараз жа паступаюць прадметныя званкі:

– Праблема становіцца больш на слыху. Калі наша гарачая лінія толькі пачынала працаваць, то пра гэту тэму ўвогуле мала хто казаў, пра тэму дамашняга гвалту, пра тое, што яна актуальная. Цяпер усё больш сродкаў масавай інфармацыі прысвячаюць свае матэрыялы гэтай праблематыцы. Нават сам той факт, што Міністэрства ўнутраных спраў выступіла ў мінулым годзе з ініцыятывай пра разгляд такога спецыялізаванага закону таксама кажа пра тое, што праблема зараз актуальная і пра яе больш гавораць.

Нумар тэлефона агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых у Беларусі ад хатняга гвалту міжнароднага грамадскага аб’яднання „Гендарныя перспектывы”: 8-801-100 -8-801. Лінія працуе штодня з 8.00 да 20.00, на ёй дзяжураць псіхолагі і юрысты. Кожны апошні чацвер месяца разам з псіхолагам на лініі дзяжурыць і прадстаўнік органаў унутраных спраў. Тэлефанаванні на гарачую лінію бясплатныя, ананімныя і канфідэнцыйныя.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя