„Хатняя хімія” за каментар пад пастом Вольгі Карач
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 31 жніўня адбыўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні жыхаркі абласнога цэнтра Алесі Бахун у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Яўген Шаршнёў, бок абвінавачвання прадстаўляў пракурор Яўген Фартушняк.
Пацярпелы супрацоўнік міліцыі на суд не з’явіўся па прычыне выезду ў службовую камандзіроўку.
Пракурор хадайнічаў аб закрыцці працэсу у мэтах захавання асабістых звестак пацярпелага – супрацоўніка міліцыі Бабруйскага РАУС Комара. Абвінавачаная падтрымала хадайніцтва, і суддзя прыняў рашэння зрабіць працэс закрытым.
Праваабаронцам стала вядома, што 9 ліпеня 2020 года у сетцы „Аднакласнікі” на старонцы Вольгі Карач была апублікаваная гісторыя аб жорсткім участковым з Бабруйска па прозвішчы Комар. Пад яго фота Алеся размясціла каментар: „Ну і хара!”. Напрыканцы лютага ці пачатку сакавіка па месцы жыхарства Бахун быў праведзены ператрус.
Дзяржабвінаваўца запрасіў для Алесі Бахун два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Суддзя Шаршнёў пагадзіўся з прапановай пракурора і асудзіў жанчыну да двух гадоў “хатняй хіміі”, абавязаў яе выплаціць кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў.