„Хацелася б, каб хрысціяне асноўныя святы святкавалі разам”



6 студзеня ў каталікоў свята Трох Каралёў, а ў праваслаўных Куцця – апошні дзень перадкаляднага посту. Ці варта імкнуцца да таго, каб хрысціяне розных канфесіяў святкавалі Каляды ды Вялікдзень адначасова? З такім пытаннем мы звярнуліся да протаіерэя Яўгена Грамыкі, які служыць у менскім храме абраза Божае Маці “Неўпіваемая чаша”.

– Безумоўна, было б вельмі прыемна, калі б мы ўсе асноўныя святы святкавалі разам, каб не было вось гэтых раздзяленняў. Дарэчы, папа рымскі Францыск як раз выказаўся наконт Вялікадня: як гэта так атрымоўваецца, што ў мяне Хрыстос уваскрос сёння, а ў цябе праз тыдзень. Вось і з Раством маем тое ж самае: у мяне Хрыстос нарадзіўся сёння, а цябе Хрыстос нарадзіўся праз два тыдні. Гэта смешна. Таму, безумоўна, хацелася б, каб гэта ўсё прыйшло да чагосьці агульнага, тым больш што Канстанцінопальскі патрыярхат, які з’яўляцца маці-царквой у нас на Беларусі, то там з пачатку 20 стагоддзя святкуюць Раство 25 снежня. Таму, безумоўна, хацелася б, каб і ў нас  было так.

Разам з тым, айцец Яўген дадае, што ў гэтым пытанні не трэба ладзіць рэвалюцыяў, бо людзі ўжо звыклыя да традыцыі. Пераход на новую дату павінен адбыцца без нерваў і канфрантацыяў.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя