„Хавайся ў бульбу” – 15-ы раз, трэці з гуртом „Dzieciuki”



Вялікі байкерскі фэст „Хавайся ў бульбу”, які пачынае байкерскія „злёты” па ўсёй Беларусі, адбываецца ў Гародні 15-ы раз. Гэтым разам ён праходзіць 7-8 чэрвеня.

Першы дзень фэста адзначыўся цікавай музычнай часткай, сярод іншых выступілі гурты „РСП” і „Dzieciuki”. Кажа лідар гурта Dzieciuki музыка Алесь Дзянісаў:

– Усё добра, усё класна. Дзякуй вялікі „Насарогам”, якія нас запрасілі. Яны ў чарговы раз пайшлі супраць сістэмы, якая не дае нам выступаць у Гародні. Яны проста далі нам магчымасць выступіць ужо трэці год запар. Гонар і павага.

Адзін з арганізатаў фэста Павел Мацьвееў лічыць „Хавайся ў бульбу” гарадзенскай традыцыяй:

– Для нас ён ужо стаў неад’емнай часткай нашага жыцця, нейкім нават свайго кшталту брэндам. На 15-ы год напэўна стамляешся трохі ўсё гэта рабіць. Мы разумеем, што кінуць ужо нельга, бо гэта неад’емна – „Хавайся ў бульбу” і „Насарогі”. Так было, ёсць і спадзяюся яшчэ будзе доўгія гады.

У другі дзень фэста будзе прадстаўлена вялікая калона байкераў з розных краін, а на Савецкай плошчы ў цэнтры Гародні байкеры правядуць выставу сваіх „жалезных коней” і розныя конкурсы. Вечаровым музычным госцем на базе „Дом рыбака” стануць музыкі з Гародні, а таксама культавы расейскі гурт „Чёрный обелиск”, які існуе з 1986 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня