Херсонская журналістка: “Не корміш сваю армію, будзеш працаваць на чужую”
Нестабільная сітуацыя ў Крыме захоўваецца ўвесь час расейскай акупацыі паўвострава. Карэспандэнт “Радыё Рацыя” Кастусь Багушэвіч пагутарыў з журналісткай, праваабаронцай і валанцёрам Наталляй Бімбірайтэ, якая працуе ў газеце “Вгору”, што выдаецца ў Херсоне і займаецца наданнем бясплатнай прававой дапамогі.
Херсон — бліжэйшы буйны населены пункт кантынентальнай Украіны да акупаванага Крыма. Журналісты “Вгору” таксама прымаюць актыўны ўдзел у асвятленні падзеяў таварнай блакады паўвострава.
РР: Пані Наталля, у Херсоне, мабыць, болей, чым у іншых рэгіёнах Украіны, заклапочаны сітуацыяй у Крыме. Наколькі жыхары горада ў свой час баяліся паўтарэння крымскіх падзей: расейскай акупацыі ў іх горадзе?
— Безумоўна, небяспека была. Калі з Сімферопаля, Севастопаля і іншых крымскіх гарадоў дайшлі звесткі пра захоп адміністрацыйных будынкаў, грамадства ў Херсоне аб’ядналася вакол адной мэты: не дапусціць падобнага ў нас. Пры гэтым час быў неспакойны, колішні мэр збег пасля ўлады папярэдняга прэзідэнта, у адміністрацыі горада фактычна не засталося людзей, здольных да прыняцця нейкіх важных для Херсона рашэнняў. Таму грамадскія актывісты вырашылі начаваць у будынку адміністрацыі 28 лютага 2014 года, дзяжурыць і даць фізічны адпор правакатарам і сепаратыстам, калі яны палезуць на дах скідаць украінскі сцяг і вешаць туды расейскі трыкалор. Ніхто не хавае, было звычайнае жаданне чалавека — адправіцца дадому і спаць у сваім ложку. Аднак, разуменне таго, што ты можаш прачнуцца пад расейскай акупацыяй, не давала расслабіцца.
Херсонцы, якія пераважна якраз расейскамоўныя, зусім не хацелі, каб невядомыя “зялёныя чалавечкі” прыйшлі пад расейскімі сцягамі ва ўкраінскі горад і сталі распавядаць сваю гісторыю, якая не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Херсон — гэта Украіна, разуменне, што Бацькаўшчыну трэба абараняць, дапамагло. Мы стварылі ў гарадской адміністрацыі інфармацыйны цэнтр і кожны дзень паведамлялі, што адбываецца. Дзякуючы працы журналістаў свет даведаўся, што жыхары Херсона не хочуць, каб іх абаранялі ад міфічных “крывавых бандэраўцаў”. Пра якую “суворую ўкраінізацыю” можна казаць? А вось адваротны прыклад мы мелі. За савецкім часам на ўвесь Херсон былі толькі дзве школы, у якіх навучанне вялося на ўкраінскай мове.
РР: Вы сталі актыўна дапамагаць войску, на машынах вазіць неабходныя тавары ў часткі. Наколькі вялікая неабходнасць ёсць у гэтым менавіта на Херсоншчыне?
— Вялікая патрэба ў дапамозе войску была ва ўсіх рэгіёнах Украіны, а ў Херсонскай вобласці пагатоў! Да акупаванага Армянска 100 кіламетраў. Тым больш у час улады Януковіча войска паступова знішчалася, штосьці скарачалася, уразалася, быў страх, што “зялёныя чалавечкі” прыйдуць да нас даволі хутка, а нашы разабраныя войскі не паспеюць сабраць усе сілы. Калі мы пачалі апытваць афіцэраў і звычайных жаўнераў, што ім трэба, то былі шакаваныя — часцяком ім не хапала нейкіх базавых рэчаў. Таго ж абутку, з якога абмундзіраванне павінна пачынацца. Злачынства папярэдняй улады ў тым, што яна развальвала войска, у выніку на пачатак баявых дзеянняў не ўсе нашы хлопцы мелі нават каскі. Калі б яны былі, мы б выратавалі жыцці многіх маладых людзей, якія загінулі ці атрымалі раненні з-за браку касак. І новая ўлада не паўсюль і не заўсёды дапамагае войску Украіны належным чынам.
Пасля таго, як я і дзясяткі валанцёраў сталі ездзіць да нашых вайскоўцаў, дапамагаць ім, сітуацыя змянілася. Нашы хлопцы прызналіся: “Нарэшце, мы разумеем, каму давалі прысягу”. То бок яны зразумелі, што слова “народ” у прысязе не дарэмнае, не нейкае абстрактнае, а мае канкрэтны абсяг. Калі мы ўжо не ўпершыню прыязджалі на нейкую базу, жаўнеры сустракалі нас абдымкамі. Цікава адзначыць, што першы раз мы паехалі са сваёй валанцёрскай місіяй да нашых жаўнераў 8-га сакавіка, на Міжнародны жаночы дзень. Чатырма аўтамабілямі, ва ўсіх за стырном былі жанчыны. Вось такое ў нас было свята. Тады везлі і ваду, і прадукты, і батарэйкі. Такім чынам, войска кармілі звычайныя херсонцы, вельмі зразумелым быў лозунг: “Не будзеш карміць сваю армію — будзеш працаваць на чужую”.
РР: Перанясемся ў цяперашні час. Якую матывацыю для блакады тавараў, што ідуць на паўвостраў, маюць крымскія татары?
— Крымскія татары — людзі, якім няма чаго губляць. Іх у гісторыі столькі разоў прыціскалі, былі і ссылкі, і іншыя віды рэпрэсіяў. Яны хочуць жыць на сваёй роднай зямлі, у Крыме, адкуль іх зноў пачалі выціскаць. У Херсонскай вобласці знаходзяцца Чангар, Чаплынка, Каланчак — усе тры дарогі, якія звязваюць Крым з кантынентальнай Украінай, праз іх на паўвостраў сцякаюцца тоны тавараў, відавочна, мясцовыя жыхары, якіх менш за 2 мільёны, столькі не спажываюць. Былі і выпадкі, калі па гэтых дарогах спрабавалі праехаць машыны са зброяй. Асобныя ўкраінскія і расейскія бізнэсоўцы робяць на таварах грошы, а ў той жа час праблемы крымчакоў не вырашаюцца. У людзей, якія не здрадзілі сваёй Радзіме — Украіне, якія маюць уласнае меркаванне, а не навязаную і выгодную Крамлю думку, могуць адабраць бізнес, пагражаць зняволеннем. Намеснік старшыні крымскататарскага Меджліса Ахтэм Чыйгоз з 29 студзеня знаходзіцца ў Сімферопальскім СІЗА.
Каардынатар блакады Крыма Ленур Іслямаў загадзя папярэдзіў, што спачатку будзе блакада таварная, потым энергетычная, а наступны этап — марская. І ўсё будзе мірным шляхам, а не сілавым. І пачалася блакада ўдала, у першы ж дзень былі затрыманыя 460 фураў, легкавыя аўтамабілі прапускаюцца туды і назад. Татары маюць рашучасць, бо ім ужо няма чаго губляць. Трэба вяртаць Крым і надзею на новае, лепшае жыццё, з перспектывамі.
РР: Як шмат татараў пераехалі жыць у Херсон?
— Бясспрэчна, такія людзі ёсць. Але многія застаюцца ў акупаваным Крыме, на сваёй роднай тэрыторыі. Тым больш у людзей там жывуць бацькі, многія не могуць пакінуць свае дамы, гаспадарку. Хтосьці проста не хоча выязджаць. А тыя, хто жыве ў Херсонскай вобласці і ў горадзе, усё адно не парывае сувязяў з Крымам.
РР: Крымскіх татараў вінавацяць у пераходзе да радыкальных дзеянняў, у прыватнасці, да падрываў электравышак…
— Упэўнена, што якраз яны — арганізатары блакады, менш за ўсё зацікаўленыя ў гэтым. Хтосьці падазрае СБУ (Службу бяспекі Украіны), хтосьці расейскіх правакатараў. Зразумела толькі адно: крымскім татарам, патрыётам Украіны, гэта не дае ніякіх плюсаў. Крымчакі пачалі барацьбу за вызваленне паўвострава ад акупацыі, пра што заявіў і Іслямаў. А які сэнс ім ад падрыву вышак? Тым больш іх трэба будзе аднаўляць, каб была падача электраэнергіі ў Крым, які быў і будзе тэрыторыяй нашай краіны — Украіны. Увогуле, на такую акцыю здольныя прафесіяналы, а не звычайныя грамадзянскія актывісты. Выбухі ладзілі людзі, добра абазнаныя ў падрыўной справе. Няма сумневаў, гэта спланаваная акцыя нейкіх ваенізаваных груповак. На мэце — спляжыць аўтарытэт крымскіх татараў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя