Хлопчык з Украіны загінуў у ДТЗ пад Камянцом
У Камянецкім раёне раніцай 13 траўня ў ДТЗ трапіў мікрааўтобус з украінскай дзіцячай камандай па футболе.
Як паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама Наталля Сахарчук, аварыя адбылася каля 7.00 на 54-м км аўтадарогі Р-98 Камянец — Шарашова — Свіслач непадалёк ад вёскі Мартынюк.
Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца (1976 года нараджэння) мікрааўтобуса „Рэно-Майстар” учыніў спадарожнае сутыкненне з пагрузчыкам „Амкадор”.
У выніку загінуў хлопчык 2005 года нараджэння, які знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні „Рэно”. Шасцярых дзяцей (чацвёра 2004 года нараджэння і двое — 2003-га) з траўмамі рознай ступені цяжкасці даставілі ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу. Адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане і падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Усе дзеці і кіроўца „Рэно” — грамадзяне Украіны. Паводле папярэдніх звестках, мікрааўтобус з футбалістамі ехаў з Варшавы ў Кіеў.
„Амкадорам” кіраваў 48-гадовы мясцовы жыхар.
На месцы ДТЗ працуюць супрацоўнікі ДАІ і следча-аператыўная група.