Хлопца арыштавалі за белы бранзалет на руцэ
Хлопца арыштавалі за белы бранзалет на руцэ. 31-гадовы Аляксандр Клубовіч быў затрыманы 29 траўня. На вуліцы Герцэна да хлопца падышлі двое невядомых у цывільным і сказалі, што ён «падыходзіць пад апісанне».
Аляксандра адвезлі ў аддзяленне, бо ў яго не было з сабой дакументаў. На руцэ ў Клубовіча быў белы бранзалет, які, на думку хлопца, і стаў прычынай затрымання. Але ў Цэнтральным РУУСе на яго склалі пратакол за пікетаванне і лозунг «Жыве Беларусь», паведамляюць праваабаронцы. Справу Аляксандра разгледзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. Па словах сведкі-міліцыянера, правапарушэнне адбылося «вельмі хутка»: «Клубовіч ішоў, спыніўся, выгукнуў некалькі разоў «Жыве Беларусь» і пайшоў далей».
Аляксандр растлумачыў суду, што ў гэты момант ішоў у бар да сваёй каманды, з якой у той дзень павінна была прайсці гульня. Суду былі прадастаўлены дакументы, якія пацвярджаюць гэта. Адвакат хадайнічаў запатрабаваць відэазапісы з відэарэгістратара сілавіка і з камеры вонкавага назірання бара. Суддзя Карсюк адхіліў, заявіўшы, што сабраных доказаў дастаткова. Вырак — 15 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя