Хлопца, які „дзейнічаў з выкарыстаннем рупара”, асудзілі на два гады „хіміі”



18-гадовага Мацвея Будніцкага суд Першамайскага раёна Менска асудзіў на два гады „хіміі”, піша праваабарончы сайт „Вясна”.

Суддзя Настасся Кулік прызнала трэцякурсніка Менскага каледжа прадпрымальніцтва вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Пазоў на карысць „Мінсктранса” (каля 18 тысяч рублёў) вылучылі ў асобную грамадзянскую вытворчасць.  

Будніцкага прызналі вінаватым у тым, што 4 кастрычніка летась ён удзельнічаў у масавым мерапрыемстве на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімава, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай. У абвінавачанні сцвярджалася, быццам Мацвей „дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара”. У дадатак, на вуліцы Сурганава ён выйшаў на праезную частку, і гэтыя дзеянні прыпынілі работу грамадскага транспарту.

У апошнім слове Будніцкі заявіў, што прызнае сваю віну. Ён сказаў, што ўдзельнічае ў валанцёрскіх праектах, і папрасіў даць магчымасць завяршыць навучанне — не абмяжоўваць свабоду і прызначыць штраф. Аднак суддзя вынесла такое пакаранне, якое папрасіў пракурор — абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Беларускае Радыё Рацыя