Хлопца з Полацка сабутэльнікі закапалі жыўцом



Трох хлопцаў вінавацяць у жорсткім забойстве 26-гадовага жыхара Полацка. Усе абвінавачаныя затрыманыя, паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Аксана Лазько.

„Згодна з заключэннем экспертыз, смерць наступіла ад механічнай асфіксіі ў выніку закрыцця дыхальных шляхоў грунтам і ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы. Гэта сведчыць аб тым, што мужчына быў пахаваны жыўцом”, – распавяла Аксана Лазько.

У злачынстве абвінавачваюцца тры чалавекі. Двое з іх былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі па гарачых слядах у Полацку. Трэці паспеў схавацца ў Расеі. Яго затрымалі ў горадзе Істра Маскоўскай вобласці.

„Ужо дапытаныя 17-гадовы і 16-гадовы абвінавачаныя ў здзяйсненні забойства (ч. 2 арт. 139 КК). Яны знаходзяцца пад вартай. У дачыненні да 20-гадовага фігуранта вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі. Ён таксама прыцягнуты ў якасці абвінавачанага ў Расіі за ўчыненне злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 111 КК РФ (наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага) „, – праінфармавала Аксана Лазько.

Днём 22 красавіка праваахоўнікам паступіла паведамленне ад жыхароў Полацка пра тое, што ў двары прыватнага дома выяўлена пахаванне. Высветлілася, што пад зямлёй знаходзіцца цела 26-гадовага мясцовага жыхара з прыкметамі крымінальнай смерці. Па дадзеных следства, у жыхара Полацка ў гасцях былі трое хлопцаў, яны разам выпівалі. Падчас узніклай сваркі сабутэльнікі нанеслі гаспадару траўмы. Каб схаваць злачынства, яны закапалі яго цела ў двары.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

zviazda.by