Хочаш, каб дзеці вучыліся па-беларуску? Штогод пішы заявы!



Нервавацца бацькоў прымушае адміністрацыя 10-й гімназіі Гародні, адносна працягнення навучання па-беларуску навучэнцам 6-га класа Мікіце Кузьмінічу і Святлане Астроўскай.

Бацькі вымушаны штогод пісаць заявы пра навучанне сваіх дзяцей па-беларуску па адмысловым маршруце.

Такую ж заяву напісаў бацька Мікіты, Ігар Кузьмініч і для свайго другога сына – Данілы:

– Даводзіцца толькі на год заключаць, не ведаю па якой прычыне, але толькі на год была заключана. Нам дазволілі навучацца па індывідуальным маршруце, дзе шэраг асноўных прадметаў выкладаўся па-беларуску. У гэтым годзе нам давялося па-новаму пісаць заяву, і першая праблема заключаецца ў тым, што мы напісалі заявы пра індывідуальны маршрут, на якую нам прыйшоў адказ з якога не вынікае практычна нічога – гэта нас крыху напружвае. Там напісана, што прызначаны адказныя, пытанні па падручнікам такі-та разглядае.

Сустрэча з начальнікам аддзела адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама Сяргеем Ламекам дала магчымасць давесці чыноўніку, што праблему трэба вырашаць, і час для гэтага ёсць.

Цяпер бацькі будуць чакаць станоўчага вырашэння праблемы, звязанай з навучаннем па-беларуску сваіх дзяцей.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня