Хочаш у лес ці на возера – плаці
Лесапаляўнічая гаспадарка “Выганаўскае” ў Івацэвіцкім раёне зрабіла наведванне лесу і возера ля вёскі Выганашчы платным. Паркоўка 50 капеек у суткі, за лес, возера і краявіды ля взера – 20 капеек з чалавека за гадзіну. Летам часам не абыдзешся, і ўсё ўляціць у капеечку, кажа шматдзетны бацька з Целяхан Аляксандр Іваноў:
– 44-ты артыкул Ляснога кодэкса: кожны чалавек мае права прыйсці ў лес, на возера без чыйго-небудзь дазволу, збіраць грыбы і ягады. І яны пад выглядам экскурсіі зрабілі платную дарогу: заплаці за стаянку, заплаці за экскурсію – і ідзі ў лес.
Паводле Аляксандра Іванова, на сваёй лодцы хочаш пакатацца – таксама плаці, чым мацнейшы матор, тым вышэйшая цана. Але адказны работнік гаспадаркі не разумее абурэння вяскоўцаў:
– 50 капеек за паркоўку машыны на стаянцы – гэта, напэўна, не вялікія грошы. У адваротным выпадку пакінулі машыну і прагуляліся па прыродзе, уздоўж канала Агінскага, паглядзелі на палі, на доты. Экскурсія каштуе 20 капеек. Можам даць гіда, тады гэта крыху даражэй будзе.
Супрацоўнік лесапаляўнічай гаспадаркі “Выганаўскае” паскардзіўся, што іх работнікі атрымліваюць і так мізэрны заробак. Тут не да дабрачыннасці.
А як быць з тым, што лясныя і водныя прасторы ў Беларусі народныя і бясплатныя, абураецца Аляксандр Іваноў. Людзі адправілі ў інстанцыі чарговыя скаргі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя