Хоць і высакародная жывёла, але ж не святая



Зноў у Беларусі пачалася “бітва” за ўраджай. Камбайны, трактары, вялікагрузы – тэхніка, без якой у наш час цяжка ўявіць нарыхтоўку збожжа ды ўвогуле аграрна-прамысловы комплекс. Калі ўзгадаць працу ў полі некалькі стагоддзяў таму, то напэўна ў большасці людзей паўстане малюнак: селянін з канём, воз на драўляных колах, косы, сярпы ды снапы. І канечне, як без сялянскай песні…

Сапраўды характэрны вобраз. Толькі вось з канём не ўсё так адназначна, прынамсі на Пінскім Палессі. Цяпер конь успрымаецца як жывёла для працы, памочнік у сельскай гаспадарцы на вёсцы, а вось якіх два стагоддзі таму пінчукі лічылі інакш. Для працы на зямлі выкарыстоўвалі валоў, а коні ж служылі ў якасці сродка перасоўвання. Служылі нават як баявая адзінка.

Перавоз каня праз Прыпяць, кастрычнік 1934 год, здымак Луізы Арнер Бойд.

У 1762 годзе быў складзены інвентар уладанняў графскага роду Бжастоўскіх у Пінскім павеце. Так, у Пінкавічах, што пад Пінскам, на 117 дамоў прыходзілася 17 канёў і 131 вол. Рысакі знаходзіліся на асаблівым уліку ў землеўладальнікаў. Сяляне больш чым добра даглядалі за чатырохкапытнымі аўтамабілямі. Можна сказаць, што на Піншчыне існаваў сваеасаблівы культ.

Першы аўторак пасля Дня Святой Троіцы пінчукамі адзначаўся як “Кінскій Велык-дэнь”. Свята палешукі ўвялі ў гонар канёў. У гэты дзень іх аніяк не выкарыстоўвалі, а ў хлявах ставілі свечы за здароўе рысакоў. Тым не менш, з рэлігійнага пункту гледжання, валы ўсё роўна былі больш паважанымі, чым коні. Так пінскі святар Аўтаном у сярэдзіне 1840-х гадоў пісаў: “Вол лічыцца святою косткай за тое, што калі Божая Маці хавала немаўля Хрыста ад жыдоў, то вол накідваў сена на Хрыста, каб яму было цёпла, а кабыла адкідала з яго і ела. Таму мяса вала можна ўжываць у ежу, а каніна лічыцца паганаю стравай”.

На старой дарозе з Берасця ў Пінск, кастрычнік 1934 год, здымак Луізы Арнер Бойд.

У народнай культуры палешукоў – песні, паданні, прымаўкі – конь бадай на адным узроўні з ваўкамі, валамі і воранамі, узгадваўся найчасцей. Яго ўсхвалялі, гэтая жывёла была заўжды са станоўчым знакам. Конь то выратоўваў хлапца-казака ад смерці, то дапамагаў перамагчы нячысцікаў, накідваўся на ворагаў і г.д.

На Піншчыне да Другой сусветнай вайны па-ранейшаму валы былі як працоўная моц, а коні – сродак перасоўвання. Аўтамабілі з’яўляліся рэдкім відовішчам, нават у жыхароў Пінска выклікалі эмоцыі, а ўжо не кажучы пра сялян. Старыя жыхары Пінска ўзгадвалі, што ў 1920-30-х гадах машыны меліся толькі ў гарадской адміністрацыі, прамыслоўцаў ды вышэйшага духавенства. У 1934 годзе падчас экспедыцыі па Палессі сусветна вядомая амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд занатавала: Пры выглядзе і гуку майго аўтамабіля коні, якіх перавозілі на лодках з адной часткі гаспадарскага надзела на другі, выскачылі за борт і кідаліся да берага, цягнучы за сабой лодку…”. Канечне, збягаліся паглядзець на амерыканскі “Пакард” і мясцовыя жыхары.

Верасень 1934 года, прыбыццё Луізы Арнер Бойд у Пінск на аўтамабілі “Пакард”. Сустрэча каля гатэля.   

У паўсядзённым жыцці выцясненне рысакоў аўтамабілямі, як зразумела, пачалося з ХХ стагоддзя, але на Палессі працэс цягнуўся марудна. Недзе толькі з 1950-70-х гадоў механізаваныя сродкі перасоўвання масава замянілі канёў. Іх усё часцей выкарыстоўвалі на ўласным падворку. Але цяпер і ў прыватнай гаспадарцы канёў амаль няма. Безумоўна, гэта цалкам заканамерна, шкада аднаго, што ў бурлівым развіцці тэхналогій, паляпшэння ўмоў жыцця губляюцца традыцыі і сувязь з мінуўшчынай, нібы нараджаецца новы народ без памяці…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя