Хоцімскі актывіст будзе шукаць справядлівасці ў Генпракуратуры
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі.
Былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета на апошніх мясцовых выбарах скардзіцца на неабгрунтаванае затрыманне ў дзень асноўнага галасавання.
Грамадскага актывіста пратрымалі ў пастарунку да часу завяршэння падліку галасоў на выбарчых участках:
– У дачыненні да мяне пачата адміністрацыйная справа. Нібы я паклёпнічаў на намесніка старшыні абласной выбарчай камісіі. Рэч у тым, што ён склаў спіс тых людзей, якія аддалі свае подпісы ў падтрымку мяне, і хадзіў правяраў, запалохваў іх. Адпусцілі мяне праз гадзіну пасля таго, як пачаўся падлік галасоў.
Валеры Каранкевіч звяртаецца да Генеральнага пракурора з просьбай прызнаць незаконнымі і неабгрунтаванымі адказы Хоцімскай і абласной Магілёўскай пракуратур. Актывіст лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрунтавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота telegraf.by