Хрыстафор Жаляпаў: Наш абавязак – супрацьстаяць „рускаму свету”



Днямі кіраўнік віцебскага грамадскага аб’яднання “Грамадства і самакіраванне” Хрыстафор Жаляпаў стаў лаўрэатам прэміі імя Віктара Сырыцы, заснаванай Рухам “За Свабоду”.

Гэтай прэміяй  з 2016-га году ўганароўваюць актывістаў за арганізацыю выбітных рэгіянальных ініцыятываў. Хрыстафор Жаляпаў атрымаў узнагароду за правядзенне ў Віцебску канферэнцыі “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”, прысвечанай станаўленню незалежнасці краіны і неабходнасці супрацьстаяць захадам так званага “рускага свету”. Небяспека ўплываў прарасейскіх настрояў існуе і цяпер, лічыць Хрыстафор Жаляпаў:

– “Расейскі свет” не супакойваецца, і таму  наша дзейнасць – і тая канферэнцыя, і ўсё, што мы робім пасля канферэнцыі, ёсць дэманстрацыяй нашай пазіцыі. Прабачце, але мы не хочам жыць з вамі жыць у адной краіне. Мы гатовы з вамі сябраваць, але ў вас – свая хата, а ў нас – свая хата.

Напярэдадні Дня роднай мовы з ініцыятывы Хрыстафора Жаляпава былі дасланыя лісты ва ўніверсітэт імя Машэрава і ў аддзел культуры Віцебскага аблвыканкаму. Кіраўнікам нагадалі пра мінулагодні скандальны выпадак, калі ў Міжнародны дзень роднай мовы ў навучальнай установе прайшлі імпрэзы, прысвечаныя расейскай мове, прафінансаваныя расейскім фондам “Русский мир”. У адказе Пятра Падгурскага, кіраўніка абласнога аддзела культуры, гаворыцца пра гатоўнасць папулярызаваць родную мову і нават прыгадваецца асабісты ўдзел віцебскіх чыноўнікаў у напісанні агультнанацыянальнай дыктоўкі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя