Некалькі тысяч чалавек выстраіліся ў „Ланцуг пакаяння” ў Менску (абноўлена)



21 жніўня прайшла акцыя “Ланцуг Салідарнасці”, у якой прынялі ўдзел тысячы людзей ва ўсім горадзе. Ланцуг расцягнуўся ад Валадаркі да Курапатаў праз увесь цэнтр горада.

Ланцуг ад Белай Вежы да Нямігі

Людзі стаялі, запальвалі знічы, некаторыя маліліся. Аўтамабілісты актыўна сігналілі, вывешвалі БЧБ сцягі. Мінакі падтрымлівалі пратэстоўцаў, з балконаў дамоў некаторыя вывешвалі сцягі.

На ўчастку ланцуга ад “Белай Вежы” да Нямігі людзі актыўна бралі ўдзел у акцыі. Расцягнуліся некалькі вялікіх БЧБ сцягоў.

Вялізны БЧБ сцяг каля “Белай Вежы”

На Нямізе людзі спявалі, чыталі малітвы, гралі на гітары і радаваліся. Некаторыя стаялі з Бібліяй, на плакатах бачныя цытаты з яе.

 

Вядомы пісьменнік Альгерд Бахарэвіч (другі справа)

Святар разам з вернікамі пад гітару спяваюць малітоўныя песні

На Нямізе каля Верхняга Горада шмат народу. Людзі ветліва вітаюць адно аднаго, шмат моладзі і падлеткаў.

Акцыя працягваецца і ў самім цэнтры. Людзі падыходзяць, як і штодня на Плошчу Незалежнасці да Дома Урада.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Удзельнікі «Маршу пакаяння», якія сабраліся на плошчы Незалежнасці, разышліся.

***

Некалькі тысяч чалавек удзельнічаюць у акцыі «Ланцуг пакаяння», які расцягнуўся ад урочышча Курапаты – месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій да цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, куды масава звозілі дэманстрантаў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Удзельнікі акцыі стаяць з плакатамі, якія асуджаюць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, некаторыя дэманстратыўна трымаюць рукі за галавой як арыштанты. Шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Аўтамабілісты сігналяць у знак падтрымкі. У ланцуг Пакаяння адной з першых стала Грамадская актывістка – абаронца Курапатаў – Ганна Шапуцька.

– Ланцуг пачаўся з галгофы ў Курапатах. Галгофа 20 стагоддзя, як сказаў пастыр Бокун, і працягваецца да Акрэсціна да галгофы 21 стагоддзя. Зараз у Курапатах адбываецца малітва, людзі сталі паўкругам, людзі моляцца, спяваюць гімн і малітвы.

У прамежак часу ад 18.30 да 19.30 прыблізна 700 чалавек стаялі на ўчастку ад дыспетчарскай станцыі «Зялёны Луг» на вуліцы Мірашнічэнкі да скрыжавання з вуліцай Кальцова.

Прыблізна столькі ж – на вуліцы Багдановіча ад скрыжавання з вуліцай Шырокай да плошчы Бангалор.

Прыблізна 1.300 удзельнікаў акцыі расцягнуліся ў ланцуг ад Бангалор да Опернага тэатра.

Прыкладна 400 чалавек выстраіліся ад Опернага тэатра да вуліцы Няміга. Яны разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Каля 500 удзельнікаў акцыі знаходзяцца на ўчастку ад Нямігі да скрыжавання з вуліцай Гарадскі Вал.

Ад Гарадскога Вала да плошчы Багушэвіча – яшчэ 300 чалавек.

Ад плошчы Багушэвіча да скрыжавання з вуліцай Хмялеўскага на праспекце Дзяржынскага – прыблізна 350 удзельнікаў.

Ад вуліцы Хмялеўскага да вуліцы Прылуцкай, якая перасякаецца з завулкам Акрэсціна, – прыкладна 1.000 чалавек. Некаторыя трымаюць крыжы памерам у рост чалавека.

Прыкладна паўсотня чалавек сабраліся ў скверы каля ЦІП. Яны трымаюць плакаты з фотаздымкамі збітага падчас вулічных пратэстаў дэманстранта і надпісамі: «Беларусь 2020. Спыніце генацыд», «1937, 2020. Ніколі зноў», «Не забівай», «Хто капае яму, сам у яе ўпадзе». Удзельнікі акцыі таксама трымаюць свечкі і бел-чырвона-белыя сцягі. Непасрэдна каля сцен ЦІП знаходзяцца толькі валанцёры. У скверы па-ранейшаму стаяць палаткі, дзе адвакаты, псіхолагі, святары і іншыя добраахвотнікі аказваюць дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Беларускае Радыё Рацыя

***

У «Ланцугу пакаяння» каля ІЧУ на Акрэсціна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек.

А вось на вуліцы Мірашнічэнка ў ланцугу не відаць краю. Верагодна, яна расцягнулася да вуліцы Шырокай, перацякаючы ў ланцуг на Багдановіча. Сярод удзельнікаў мы заўважылі Сяргея Дзівіна, былога кіраўніка EPAM. У Курапатах людзі, якія сабраліся ў «Ланцуг пакаяння», выканалі песню. У руках яны трымалі расцяжку з надпісам «Курапаты – Акрэсціны: ніколі Зноў».

На Нямізе колькасць удзельнікаў «Ланцуга пакаяння» не змяншаецца.

TYT.BY

***

Хрысціяне Беларусі ў гэтыя хвіліны становяцца ў «Ланцуг пакаяння» ад Курапатаў да Акрэсціна. Яны заклікаюць далучыцца ўсіх жадаючых.

Турма на Акрэсціна сапраўды стала Курапатамі для нашага пакалення, адзначаюць актывісты. Там сядзяць палітвязні і затрыманыя падчас мірных акцый пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Некалькі сотняў чалавек сталі ў „Ланцуг пакаяння» і ў раёне плошчы Бангалор.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: TYT.BY