Хрысціяне святкуюць Вербніцу
Сёння вернікі розных канфесій святкуюць Вербную нядзелю або Вербніцу. Згодна звычаю, Вербную нядзелю адзначаюць за тыдзень да Вялікадня. Сёлета ў праваслаўных і католікаў дата святкавання Пасхі супадае, таму і Вербную нядзелю адзначаюць разам – 9 красавіка.
Па словах каталіцкіх і праваслаўных вернікаў Глыбокага, гэтае свята сімвалізуе радасную сустрэчу сям’і з Хрыстом.
– Прыйшла ў касцёл, каб памаліцца Пану Богу, адкрыць сваю душу, прабачыць грахі, каму не прабачыла. А вярба – гэта сімвал божай веры.
– Гэта вялікае свята. Мы ідзём з вербачкай, пальмаў у нас няма, – сімвалам жыцця. Трэба вербачкай дакрануцца да чалавека, каб здаровыя былі ўсе цэлы год.
– Мы вельмі шануем гэтае свята.
Гісторыя свята нагадвае дзень, калі Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Людзі ўсхвалялі яго, віталі пальмовымі галінкамі і ўвесь шлях высцілалі кветкамі. У Беларусі замест пальмовых галінак у гэты дзень у храмы прыносяць галінкі вярбы – першага веснавога квітнеючага дрэва.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Сёння — Вербная нядзеля ва ўсіх хрысціянскіх канфесіяў. Вербніцу каталікі называюць яшчэ Пальмовай нядзеляй, а пратэстанты — Кветканоснай.
У Беларусі на гэтае свята асвячаюць вербныя галінкі — яны сімвалізуюць тыя пальмовыя, якімі сустракалі Хрыста ў Іерусаліме. Сёлета Вербніца, як і будучы Вялікдзень 16 красавіка — супольныя ва ўсіх канфесіяў.
Беларускае Радыё Рацыя