Хто адкажа за бяздзеянне ў сітуацыі з каронавірусам?



Жыхар Віцебска Павел Максімаў апублікаваў у сацыяльных сетках зварот, дзе прапануе самім паклапаціцца пра ўласнае здароўе, не спадзеючыся на клопат уладаў.

Ён называе некалькі  прычынаў, якія натхнілі яго звярнуцца да суайчыннікаў, хаця гэта мусіў бы зрабіць Аляксандр Лукашэнка:

– Адэкватных заяваў мы не пачулі: што сказаў прэзідэнт Францыі, калі абвяшчалі каранцін? “Мы на вайне”. У нас з каронавірусам не ваююць. Трактар, гарэлка  – гэта ўсё, што мы пачулі ад прэзідэнта. І – камень у гарод нашых медыкаў: яны  хочуць адседзецца на цёплых месцейках, не захаваць жыцці людзям, а каб спакойна жыў адзін чалавек – наш прэзідэнт.

Жыхар Віцебска мае пытанне і да кіраўнікоў абутковых прадпрыемстваў, якія ў лютым накіравалі супрацоўнікаў і самі з’ездзілі ў Мілан. Ці гатовыя яны выдаткаваць сродкі на барацьбу з каронавірусам, які самі завезлі ў Віцебск: прыкладам, набыць некалькі апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх, маскі, антысэптычныя рэчывы для гараджан? 

Павел Максімаў матэматык, ён прааналізаваў дадзеныя па колькасці хворых і колькасці смерцяў у Кітаі, і вызначыў перспектывы развіцця эпідэміі. Ягоныя прагнозы аказаліся вернымі на 90-95%.  Ён заклікае  не пускаць дзяцей у дзіцячыя ўстановы, пазбягаць публічных месцаў – адным словам, наладзіць індывідуальны каранцінны рэжым, пакуль на афіцыйным узроўні гэтага рабіць не хочуць. Сённяшнія паводзіны кіраўнікоў розных узроўняў, на думку Паўла Максімава, падпадаюць пад санкцыі крымінальнага артыкула  425 “Бяздзеянне афіцыйнай асобы”, калі суб’ект злачынства не прадпрымае  дзеянняў, якія ўваходзяць у ягоныя службовыя абавязкі, хаця ёсць рэальная магчымасць гэта зрабіць.

Цалкам гутарку з Паўлам Максімавым слухайце тут:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск