У Берасці затрымалі актыўных удзельнікаў «масавых беспарадкаў»
Пра гэта паведамляе абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Гаворка ідзе пра дзесяцярых чалавек, якія падазраюцца ў тым, што сёлета 10 і ўначы 11 жніўня «прымянялі гвалт да супрацоўнікаў унутраных спраў» і іншыя дзеянні.
У сваю чаргу 16 жніўня, трыццаць тысяч мітынгоўцаў на плошчы Леніна ў Берасці выказалі недавер згаданаму ведамству і ягонаму начальніку генерал-маёру міліцыі Аляксандру Астрэйка.
– Вы, слугі народа, памянялі паняцці месцамі. І ніхто з вас, хлуслівых і баязлівых, не склаў з сябе паўнамоцтвы. Генерал, дзе твае пагоны. Чаму ты тут?
«Дадатковым выяўленнем і затрыманнем» займаліся супрацоўнікі 6-га ўпраўлення ДУБАЗіК МУС, УУВ УУС, шпікі Маскоўскага, Ленінскага і Берасцейскага РАУС. Самі крымінальныя справы завялі прадстаўнікі мясцовага Следчага камітэта.
Беларускія праваабаронцы ўсклалі адказнасць за тое, што адбывалася ў тыя дні, на ўлады Рэспублікі Беларусь. 9, 10, 11 жніўня, як па ўсёй краіне, так і ў Берасці, адбываліся пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, паводле якіх ЦВК абвясціў пераможцам Аляксандра Лукашэнку.
Грамадзянская супольнасць горада заклікае звяртацца да праваабаронцаў па патрэбную дапамогу ў выпадку пераследу па згаданых справах аб «масавых беспарадках».
Беларускае Радыё Рацыя