Хто будзе выкладаць ва ўніверсітэце імя Гілевіча?
Рэктарат прыватнага беларускамоўнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча пачаў фармаванне базы звестак патэнцыйных выкладчыкаў. Спецыялістаў, якія ў будучыні хацелі б весці заняткі ў гэтай ВНУ, просяць запоўніць анкету, апублікаваную на сайце заснавальніка ўніверсітэта — грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ).
У анкеце патэнцыйных выкладчыкаў просяць пазначыць пашпартныя і кантактныя звесткі, назву альма-матар і спецыяльнасць, навуковую ступень і званне, прафесійную дзейнасць, месца працы і пасаду, спіс публікацый, а таксама пералік дысцыплін, якія яны маглі б выкладаць у ВНУ.
Напрамкі, што плануецца адкрыць ва ўніверсітэце ў першую чаргу: культурная спадчына, рэгіяналістыка, медыя і камунікацыі, IT і інфарматыка, урбаністыка, кіраванне ў сферы бізнесу і публічнай дзейнасці.
Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Менгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзяліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта.
Навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях. Для пачатку заснавальнікі паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў па 6—10 найбольш актуальных спецыяльнасцях. Неабходныя для гэтага дакументы планавалася падаць у Міністэрства адукацыі на працягу лета, аднак працэс заняў значна больш часу і доўжыцца дагэтуль.
24 верасня пры ўніверсітэце пачалі працаваць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў 10—11-х класаў, студэнтаў і тых, хто хоча атрымаць новыя веды. Слухачоў рыхтуюць па гісторыі Беларусі, матэматыцы, фізіцы, хіміі, а таксама беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах. Навучанне вядзецца на беларускай мове.
Раней ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ Алег Трусаў заявіў БелаПАН, што на функцыянаванне ўніверсітэта неабходна ад 1 млн долараў у першы час да 7-8 млн, калі пачнецца навучанне па ўсіх заяўленых спецыяльнасцях. Асноўную частку сродкаў заснавальнікі разлічваюць атрымаць ад айчынных і замежных спонсараў, праз розныя міжнародныя адукацыйныя праграмы, праекты Усходняга партнёрства ЕЗ.