Хто даваў дазвол на праслухоўванне журналістаў?
“Каб атрымаць дазвол на праслухоўванне, павінны быць сур’ёзныя падставы”, – кажа юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла.
Днямі прадстаўнікі МУС і Следчага камітэта Беларусі пракаментавалі праслухоўванне тэлефонаў галоўнага рэдактара і рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай і Ганны Калтыгінай, пра што стала вядома пасля “справы БЕЛТА”.
Прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Гамко не стаў адмаўляць, што Золатаву праслухоўвалі, але ў матэрыялах справы няма інфармацыі, на якой падставе гэта рабілася. А праслухоўваць журналістаў пачалі яшчэ да таго, як з’явілася крымінальная справа.
Гары Паганяйла: Калі не ўказваецца, на якой падставе ажыццяўлялася праслухоўванне, то з юрыдычнага боку гэта, безумоўна, няправільна. Праслухоўваюць тых людзей, якія падазраюцца ў злачыннай дзейнасці, і для гэтага павінны быць сур’ёзныя падставы.
Але тое, у чым падазравалі журналістаў, не адносіцца ні да тэрарыстычнай дзейнасці, ні да асабліва небяспечных злачынстваў. І атрымаць санкцыю на такое праслухоўванне, думаю, было немагчыма, калі ўсё рабіць па законе. Пракурор не павінен быў даваць санкцыю без узбуджэння крымінальнай справы.
РР: І тым не менш, санкцыя была і было праслухоўванне…
Гары Паганяйла: Справа ў тым, што сілавыя структуры ў нашай краіне законаў не прытрымліваюцца. Яны лічаць, што вядуць барацьбу са злачыннасцю, і тут, маўляў, усе сродкі добрыя. Гэта старыя савецкія падыходы, якія і сёння дзейнічаюць у краіне.
Калі б у Беларусі было больш жорсткае стаўленне да таго, што праваахоўнікі самі парушаюць заканадаўства, то, можа быць, нешта і змянялася б. Але ж ні грамадзяне, ні грамадзянскія структуры, ні незалежныя СМІ не могуць пракантраляваць сілавыя структуры, таму што тыя цалкам закрытыя. Вось яны і робяць тое, што захочуць. Так што мы наўрад ці даведаемся, хто канкрэтна даваў каманду на праслухоўванне журналістаў. Хаця і так можна здагадацца, чые там вушы тырчаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org