Хто каму павінен несці кветкі?



У Пінску кіраўнік мясцовага аддзялення міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі заклікаў прыхільнікаў перамен прынесці кветкі да будынка гарадскога выканкама. Паводле ягоных слоў, гэта будзе праява падзякі сілавікам, якія ахвяруючы жыццём спынілі пагромы ў ноч з 9-га на 10-е жніўня.

Грамадскі актывіст Руслан Гусейнаў перакананы, што ў першую паслявыбарчую ноч у Пінску адбылася вялікая правакацыя:

– Я за мірныя перамены, супраць гвалту і крыві. Тое, што адбывалася каля гарвыканкама, гэтая цэгла, я лічу, што гэта правакацыя. Так мяркую, маю права казаць, што гэта была правакацыя. Можа хтосьці праплаціў, але дакладна не дэмакратычнымі сіламі, а недзе з боку.

Нагадаем, што ў Пінску ў ноч з 9-га на 10-е жніўня пракацілася хваля сур’ёзных сутычак пратэстоўцаў з сілавікамі. У выніку каля 20 міліцыянтаў з цяжкімі траўмамі апынуліся ў шпіталі, а ў горадзе да 12-га жніўня чыніліся зачысткі патэнцыйных дэманстрантаў. У тыя дні праз пінскую міліцыю прайшло каля 200 чалавек, многія з якіх былі жорстка збітыя.

Беларускае Радыё Рацыя