Хто не хоча вяртацца ў Беларусь



«Палова беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, не хоча вяртацца ў Беларусь. Чвэрць не плануе вяртацца ніколі». Цытата з даследавання польскага Цэнтру Мерашэўскага.

Прапаную паразважаць як нам счытваць сацыялагічныя дадзеныя. Сацыёлагі робяць сваю навуковую працу. Яны не мусяць канвертаваць свае вынікі ў папулярныя тэксты. Перакладаць на шырока даступную мову – гэта задача медыяў.

Самае галоўнае, што проста абавязаны рабіць кожны медыя – гэта ствараць кантэкст у якім існуе тая ці іншая сацыялагічная з’ява.

Вось мы бачым у даследаванні Цэнтру Мерашэўскага, што на пачатку 2023 году 94% рэспандэнтаў адказвалі, што пакінулі Беларусь і пераехалі ў Польшчу, асцерагаючыся крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў.

Увосені планка знізілася да 84%, але застаецца вельмі высокай.

І вось мы чытаем: «Палова беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, не хоча вяртацца ў Беларусь». Дык як яны захочуць вяртацца, калі толькі што вырваліся, часам проста цудам, з абдымкаў крывавага рэжыму. Рэжыму, які і ў турмах працягвае забіваць, калечыць і проста катаваць.

Цяпер пра чвэрць, якая ні пры якіх абставінах не хоча вяртацца.

Калі вы былі за кратамі па палітычных матывах, і вось вы ў вольнай краіне, то вы жывеце на эмоцыі. Ведаю па сабе: першыя некалькі месяцаў ты проста радуешся, што пазбег варыяну трапіць на доўгі тэрмін.

Таксама я камунікаваў з людзьмі, якія адбылі два гады ў калоніі, і адразу выехалі за мяжу. Ім проста радасна ад таго, што яны на волі.

Наўрад ці яны адразу аналізуюць інфармацыю, і прыкідаюць калі і пры якіх умовах Беларусь пазбавіцца лукашызму. І вяртацца яны не хочуць ні пры якіх умовах, бо Беларусь для іх на сёння – гэта краты, брэх ахоўнікаў, і перспектыва застацца за калючым дротам назаўжды.

Безумоўна ёсць іншы тып людзей, якія лукашызм не падтрымліваюць, але ў пратэстах не ўдзельнічалі. Яны проста скарысталіся з сяброўскай палітыкі Польшчы ды некаторых іншых краінаў адносна беларусаў.

Гэтыя людзі проста хочуць пажыць спакойна, як патлумачыў мне адзін знаёмы. А Беларусь нават пасля Лукашэнкі будзе зонай грамадска-палітычнай турбулентнасці.

Ва ўсёй бясконцай гісторыі з вымушанымі эмігрантамі для мяне асабіста важна, каб актыўная іх частка заставалася беларусамі нават калі вырашаць назаўжды застацца ў іншай краіне.

І польскія, і ўкраінскія і часткова беларускія эмігранты ранейшых хваляў дапамагалі праектам на сваіх радзімах. Найперш было важным культурнае адраджэнне. Калі мы гаворым пра 1990-я, час, калі камуна, як кажуць у Польшчы, ці саветы, як кажуць у Беларусі, зніклі як дым.

Вяртацца ці не – палова справы. Заставацца часткай беларускага грамадска-культурнага поля ці не – вось галоўнае пытанне, на якое нам адкажа час.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя