Хто цяпер будзе лічыцца дармаедам?



Улады падрыхтавалі некаторыя змены для „дармаедаў”. Сярод іншага пашырылі спіс тых, каго не будуць лічыць утрыманцамі, а таксама абнавілі пералік дадзеных, якія ўтрымліваюцца ў базе пра не занятых у эканоміцы. Змены прадугледжаныя пастановай Саўміна ад 8 снежня 2018 г. № 881.

Нагадаем, у Беларусі з 1 снежня запусцілі базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Тыя, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтву, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры, з 1 студзеня будуць аплочваць па поўных тарыфах гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 году – газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.

У базу дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключаныя каля 500 тысяч чалавек.

Доступ да базы дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзян, якая цяпер карэктуецца, можа атрымаць кожны жыхар Беларусі. Лагін і пароль для доступу на партал выдадуць бясплатна ў службе «Адно акно».

З ліку „дармаедаў” выключаныя жонкі дыпламатаў (таксама ў базу не трапіць муж работніцы адміністрацыйна-тэхнічнага персанала, накіраванай на працу ў дыппрадстаўніцтва за мяжу), уладальнікі маёмасці камерцыйных арганізацый (за выключэннем акцыянерных таварыстваў).

Не трапяць у базу „другія паловы” маладых рабочых ці служачых, якія працуюць па размеркаванні, а таксама асобы, якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем з-за хранічных ці працяглых псіхічных захворванняў. Не будзе там і людзей з сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў ці таксічных рэчываў.

Не трапяць у лік „дармаедаў” і людзі перадпенсійнага ўзросту.

Паводле tut.by