Хто ўзначаліць “Моладзь БНФ”?



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, чаму іх моладзевае крыло засталося без кіраўніка.

За апошнія два гады ў “Моладзі БНФ” ужо змяніліся тры кіраўнікі. У снежні 2017 году на месца Юрася Лукашэвіча прыйшла 18-гадовая Ганна Смілевіч. Праз год на гэтай пасадзе яе змяніў Дзяніс Мандзік з Барысава, а зараз і ён адмовіўся ад крэсла кіраўніка “Моладзі БНФ”.

“Зразумеў, што я не палітык і гэта не маё, – патлумачыў сваё рашэнне Дзяніс Мандзік. – Мяне нашмат болей цікавіць беларуская культура і музыка”.

Рыгор Кастусёў: Сёння перад маладымі людзьмі адкрываецца шмат шляхоў, таму яны, безумоўна, за ўсім не паспяваюць. І на палітыку альбо актыўнае грамадскае жыццё не заўсёды хапае часу. У гэтым нічога страшнага няма, моладзь можна зразумець.

Да таго ж, трэба ўспомніць, што ў Беларусі знаходзіцца ў палітыцы досыць небяспечна, бо нашых моладзевых лідараў не аднойчы выключалі з ВНУ быццам бы за непаспяховасць, а на самай справе за актыўнасць. Такіх улада не любіць і ўсяляк прэсуе. Безумоўна, не ўсе вытрымліваюць такі ціск, і тут людзей таксама можна зразумець.

РР: Хто зараз узначаліць “Моладзь БНФ”?

Рыгор Кастусёў: Да наступнага з’езда будзе створаны часовы камітэт, у які будзе ўваходзіць 18 найбольш зацікаўленых актывістаў. Яны пакуль і будуць кіраваць моладзевай арганізацыяй. А ўжо на з’ездзе вызначацца і з лідарам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя