Хто выйдзе на вуліцы 1 траўня?



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі пракаментаваў заклікі асобных лідараў апазіцыі выйсці ў Менску на плошчу 1 і 9 траўня.

Лявон Баршчэўскі: Мяркую, гэта не тыя даты, каб іх адзначаць. Тым больш, што 1 траўня многія людзі наогул працуюць на лецішчах, а ў Дзень Перамогі неяк і не прынята выходзіць на вуліцу з нейкімі акцыямі. Але, хто лічыць, што гэта патрэбна, няхай паступае па свайму разуменню.

РР: Ці не будзе правакацый ды чарговых сутыкненняў з міліцыяй, калі народ збярэцца ў гэтыя дні?

Лявон Баршчэўскі: Калі ўжо пайшла такая ініцыятыва, то ўлады хутчэй за ўсё не будуць стымуляваць працоўных выходзіць з нейкімі дэманстрацыямі. А ўвогуле, прадказаць развіццё падзей складана.

РР: Мікалай Статкевіч заявіў, што за дзеяннямі ўлады і сілавікоў 1 траўня уважліва будуць сачыць на Захадзе. І ў выпадку нейкага жорсткага разгону беларуска-еўрапейскія стасункі могуць рэзка пагоршыцца…

Лявон Баршчэўскі: Нічога новага ў гэтай сітуацыі няма, бо такое ўжо было дзесяткі разоў. Але не думаю, што апазіцыі ўдасца шмат сабраць людзей. Гэтыя даты не аб’ядноўваюць, як кажуць, і правых, і левых. Так заўсёды было, калі сацыял-дэмакраты выходзілі святкаваць 1 траўня , а Партыя БНФ ігнаравала гэты дзень. 1 траўня – гэта Дзень працы. Таму, як ужо казаў, большасць паедзе працаваць на агароды.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя