Хто вырашыць праблемы жыхароў дома ў Крулеўшчыне?



Зацякаюць сцены ў кватэрах на другім паверсе, пастаянна стаіць вада ў падвалах. З такімі праблемамі сутыкнуліся жыхары шматкватэрнага дома №1 па вуліцы Горкага ў пасёлку Крулеўшчына Докшыцкага раёна.

Летась, па звестках жыхароў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Докшыцы-камунальнік», рамонт даху рабіўся, але сцены ў кватэрах зацякаюць і да гэтай пары.

Як сцвярджаюць жыхары дома, у падвалах пастаянна стаіць вада, бо няма адводу вады ад адмосткі дома. Яе абяцалі зрабіць камунальнікі яшчэ ў 2005 годзе.

— Больш за дзесяць гадоў у нашым доме затапляецца падвал. Раней, калі дом належаў ПМК-3, пытанняў не ўзнікала, а пасля таго як перадалі камхозу гаспадара не стала і вада пачала затапляць падвалы. Зямля навокал стала вышэйшая за адмостку дома  і ўся вада пайшла ў падвал. Я неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва камхоза, прыязджала начальніца жылфонду Цынковіч Тамара Уладзіміраўна, але з тым жа і ехала назад.  Давала хлуслівыя адказы: што суха ў падвале і вады няма. Ну, перад яе прыездам ваду, вядома, адкачвалі.  

— Увесь вугал чорны. І вось перагародка яшчэ паміж балконамі. Я і ездзіў і хадзіў, і прасіў па-чалавечы, калі ласка, зрабіце. У адказ: няма часу, няма надвор’я, няма матэрыялаў, няма людзей. Карацей, чагосьці пастаянна няма.

— У мяне таксама цячэ: вунь сцяна мокрая. З даху цячэ, у падвале поўна вады. Прыйшоў начальнік камхоза, я паказаў, а ён кажа: ну, можа некалі зробім.

Да таго ж у жыхароў дома нядаўна ўзнікла яшчэ адна праблема – камунальнікі адключылі свет у асабістых падвальных памяшканнях. Яны раяць жыхарам праводзіць  туды свет са сваіх кватэр. ЖКГ «Докшыцы – камунальнік» паведаміла жыхарам, што асвятляе толькі месцы агульнага карыстання.

Паводле старшыні Крулеўшчынскага сельсавета Алены Таляронак, камунальнікі ўсё робяць правільна. А ў праблеме з адводам вады вінаватыя самі жыхары гэтага дома.

— Святло ў падвале не адключалі. Там яно пад аплату кожнага з жыхароў. Асвятленне кожнага складскога памяшкання жыхароў не кладзецца ў выдаткі ЖКГ. Асвятляецца пляцоўка і месцы агульнага карыстання, але за індывідуальнае памяшканне, калі яно ў карыстанні ў кагосьці, трэба аплачваць самім. Выязджалі адмыслоўцы, быў РУП ЖКГ, прынялі рашэнне, што ў невялікім аб’ёме усё ж можна правесці работы па адводзе вады пры дапамозе той канавы.

Па словах старшыні сельсавета, яна не можа зразумець, чаму людзі не звяртаюцца ў камунальныя службы, а скардзяцца ў СМІ. Але, як кажуць жыхары дома №1 па вуліцы Горкага ў Крулеўшчыне, яны звярталіся ўжо неаднойчы, а праблемы так і застаюцца нявырашанымі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя