Хваляванняў адносна падатку на “дармаедаў” не назіраецца



Як адзначае актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Віцебска Таццяна Севярынец, хваляванняў адносна падатку на “дармаедаў” не заўважаецца. Ужо 34 100 жыхароў Беларусі заплацілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, больш вядомы як „падатак на дармаедства”.

У Віцебску за адмену дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» таксама збіраюць подпісы. Неахвотна падпісваюцца людзі, якія маюць працу, – заўважае Таццяна Севярынец:

– Мы прапанавалі падпісацца людзям канкрэтнай установы. Яны ўсё разумеюць, усё падзяляюць, але, тым не менш, падпісацца адмовіліся. Гэта тыя, што працуюць. Таксама шмат ёсць і такіх, хто працуе, але, тым не менш, падпісвае. Цяжка нешта тут сказаць. Але нейкага бурлення, якое ішло б ад людзей, я не заўважаю. На кухні людзі значна смялейшыя, на жаль.

Апазіцыйныя палітыкі заклікаюць на агульнанацыянальны “Марш недармаедаў”, які прызначана на 15 сакавіка. Арганізатары таксама маюць намер правесці акцыі пратэсту супраць дэкрэту ў розных гарадах Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя