Хвароба, ад якой найбольш пакутуюць беларусы
Хвароба, ад якой больш за ўсё пакутуюць беларусы – цукровы дыябет. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, штогод у 15-ці – 20-ці тысяч беларусаў выяўляюць цукровы дыябет. На пачатак бягучага году ў краіне пражывае звыш двухсот сямідзясяці тысяч дыябетчыкаў. Медыкі канстатуюць павелічэнне смяротнасці сярод хворых.
Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з дыябетам, які прыпадае на 14-га лістапада, у медыцынскіх установах Пінска праходзяць прафілактычныя акцыі. Можна не толькі атрымаць карысную інфармацыю, але і прайсці аператыўнае абследаванне. Пра сімптомы захворвання распавядае тэрапеўт-кансультант Сяргей Бабкоў:
– Забіць трывогу трэба, калі ёсць фактары рызыкі. Але калі з’явіліся: сухасць у роце, гарачка, смага, пачашчанае мочаспусканне, кепскае гаенне ран, то гэта, канешне, нагода пайсці да лекара. Не абавязкова да эндакрынолага, можна і да тэрапеўта, для таго, каб вас накіравалі на аналіз цукру ў крыві.
Міністэрства аховы здароўя не мае станоўчых прагнозаў. На думку адмыслоўцаў, у Беларусі за бліжэйшае дзесяцігоддзе колькасць хворых цукровым дыябетам узрасце ў два разы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота diabet-help.ru